Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
03 снежня 2020, 09:35

Савет калектыўнай бяспекі АДКБ адобрыў 15 дакументаў

3 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Савет калектыўнай бяспекі (СКБ) АДКБ, пасяджэнне якога прайшло 2 снежня ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі, адобрыў 15 дакументаў. Аб гэтым паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў.

СКБ прыняў дэкларацыю, у якой гаворыцца, што АДКБ за гады свайго існавання заняла дастойнае месца сярод аўтарытэтных міжнародных і рэгіянальных арганізацый, стала дзейсным фактарам падтрымання рэгіянальнай стабільнасці і ўстойлівага развіцця. "Арганізацыя з'яўляецца эфектыўнай шматфункцыянальнай структурай комплекснага забеспячэння калектыўнай бяспекі і ў поўнай меры адпавядае мэтам умацавання міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі на аснове агульнапрызнаных норм і прынцыпаў міжнароднага права", - канстатуецца ў дакуменце.

Прынята таксама заява аб фарміраванні справядлівага і ўстойлівага ўладкавання свету. У ёй адзначаецца, што адной з галоўных задач чалавецтва ў XXI стагоддзі становіцца фарміраванне ўмоў, гарантый і перспектыў гарманічнага развіцця будучых пакаленняў. "Перакананы, што ў чалавецтва ёсць магчымасць разам забяспечыць захаванне міру, стабільнасці і бяспекі для ўсіх, знайсці дастойны адказ сучасным выклікам і пагрозам. Вырашыць задачы, якія стаяць перад чалавецтвам, магчыма толькі ва ўмовах справядлівага і рацыянальнага ўладкавання свету, якое грунтуецца на агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права", - падкрэсліваецца ў заяве.

СКБ зацвердзіў план развіцця ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў - членаў АДКБ на 2021-2025 гады і новую антынаркатычную стратэгію на 2021-2025 гады. "Стратэгія дасць магчымасць аператыўна рэагаваць на змяненне сітуацыі, звязанай з незаконным распаўсюджваннем наркотыкаў на тэрыторыі дзяржаў - членаў АДКБ, а таксама скараціць маштабы незаконнага абароту падкантрольных псіхаактыўных злучэнняў і іх немедыцынскае спажыванне, - праінфармаваў прэс-сакратар.- Антынаркатычная стратэгія вызначае ўзгодненыя падыходы зацікаўленых кампетэнтных органаў у сферы процідзеяння наркапагрозе і асноўныя напрамкі супрацоўніцтва паміж упаўнаважанымі органамі дзяржаў - членаў АДКБ".

Кіраўнікі дзяржаў прынялі рашэнне аб падпісанні пагаднення аб сумесным матэрыяльна-тэхнічным і медыцынскім забеспячэнні войскаў (Калектыўных сіл), а таксама аб унясенні змяненняў у пагадненне аб міратворчай дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ад 6 кастрычніка 2007 года. Змяненні рэгламентуюць пытанні ўдзелу Калектыўных міратворчых сіл АДКБ у аперацыях ААН праз пагадненне з каардынуючай дзяржавай, у якасці якой Саветам калектыўнай бяспекі вызначаецца адна з дзяржаў - членаў АДКБ.

Пры гэтым генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась адзначыў, што ў адпаведнасці з прыярытэтамі расійскага старшынства праведзена работа па развіцці міратворчых сіл АДКБ. "У бягучым годзе ў склад міратворчых сіл арганізацыі плануецца ўключыць медыцынскі атрад спецыяльнага прызначэння", - сказаў Станіслаў Зась. Ён паведаміў, што прадаўжалася работа па ўдасканаленні сістэмы калектыўнага рэагавання на сучасныя выклікі і пагрозы. "Прыярытэтнай задачай у гэтым напрамку было нарошчванне сумесных намаганняў па барацьбе з тэрарызмам і звязаным з ім экстрэмізмам. Рэалізуючы прыярытэты Расійскай Федэрацыі, з мэтай перакрыцця каналаў вярбоўкі, выезду/уезду грамадзян дзяржаў - членаў арганізацыі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці і нейтралізацыі рэсурснай базы тэрарыстычных арганізацый пад эгідай АДКБ у бягучым годзе паспяхова праведзена аперацыя "Наёмнік", - нагадаў генеральны сакратар АДКБ.

Таксама было прынята рашэнне аб дадатковых мерах па ўдасканаленні сістэмы падрыхтоўкі кадраў для органаў дзяржаўнай улады краін - членаў АДКБ. СКБ АДКБ зацвердзіў бюджэт арганізацыі на 2021 год.

Пасля завяршэння работы сесіі СКБ старшынства ў АДКБ у наступным міжсесіённым перыядзе перайшло да Таджыкістана.

Сесія СКБ упершыню прайшла ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі, для гэтага таксама былі задзейнічаны магчымасці Цэнтра крызіснага рэагавання АДКБ. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, выконваючы абавязкі Прэзідэнта Кыргызстана Талант Мамытаў, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, а таксама генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі стан міжнароднай бяспекі і пытанні далейшага павышэння эфектыўнасці АДКБ, вынікі рэалізацыі рашэнняў лістападаўскай (2019 года) сесіі Савета калектыўнай бяспекі і статутных органаў АДКБ у міжсесіённы перыяд, а таксама магчымасці развіцця і ўмацавання міжпарламенцкага супрацоўніцтва дзяржаў - членаў АДКБ. З інфармацыяй па гэтым пытанні выступіў старшыня Парламенцкай асамблеі АДКБ, старшыня Дзярждумы Расіі Вячаслаў Валодзін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі