Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 сакавіка 2020, 09:16

Савет Федэрацыі нацэлены на далейшае развіццё адносін з парламентам Беларусі - Мацвіенка

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Федэрацыі нацэлены на далейшае развіццё адносін з парламентам Беларусі, заявіла 5 сакавіка спікер верхняй палаты расійскага парламента Валянціна Мацвіенка на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы прыехалі прадстаўнічай дэлегацыяй, тут прысутнічае практычна ўсё кіраўніцтва верхняй палаты. Гэта наша традыцыйна шчырая павага да Беларусі, яе народа і імкненне па парламенцкай лініі развіваць і пашыраць узаемадзеянне. Многае ўжо зроблена, але, вядома, кожны этап развіцця патрабуе новых падыходаў, - сказала Валянціна Мацвіенка. - Расійска-беларускія адносіны - гэта адносіны стратэгічнага партнёрства, заснаваныя на шматгадовай гісторыі, агульнай дружбе, узаемнай павазе, агульнасці духоўнай, культурнай, моўнай. І трэба актыўна займацца ўмацаваннем і развіццём нашых адносін".

Спікер адзначыла, што Беларусь была і застаецца адным з важнейшых партнёраў Расіі. "Мы вельмі значна рушылі наперад у эканамічным супрацоўніцтве - $32 млрд узаемны тавараабарот - гэта вынік работы нашых грамадзян, бізнесу, прамысловасці, сельскай гаспадаркі. 8 тыс. прадпрыемстваў супрацоўнічаюць па камплектацыі, шмат сумесных вытворчасцей. Важна, што Беларусь для нас - адзін з важнейшых партнёраў, а Расія - для Беларусі", - падкрэсліла Валянціна Мацвіенка.

Яна выказала ўдзячнасць Беларусі за шырокую праграму візіту. "Мы сёння ўвесь дзень працуем у сталіцы, заўтра паляцім у Брэст. Мне здаецца, вельмі сімвалічна ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі наведаць Брэсцкую крэпасць. Вельмі важна захаваць памяць, быць сумленнымі ў адносінах да гісторыі", - дадала спікер.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка таксама падкрэсліў: важна захаваць і абараніць гістарычную памяць. "Мы ў Палаце прадстаўнікоў прынялі рашэнне правесці 9 красавіка парламенцкія слуханні, якія будуць прысвечаны Вялікай Перамозе. І мы накіруем запрашэнне ў Федэральны сход Расіі прыняць удзел у гэтых слуханнях, - сказаў ён.- У красавіку будзе праходзіць 142-я асамблея Міжпарламенцкага саюза. Мы ведаем, што расійскі бок ініцыяваў падрыхтоўку Дэкларацыі аб парламенцкай дыпламатыі. Мы з ёй цалкам азнаёміліся, падтрымліваем тыя мэты і ідэі, якія закладзены ў ёй - гэта пытанні ўзаемнага супрацоўніцтва, адкрытага дыялогу. Таму ў час пасяджэння дэкларацыю беларускі бок, вядома, падтрымае", - заявіў ён.

Уладзімір Андрэйчанка дадаў: добрыя адносіны з расійскай дэпутацыяй наладжаны ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Беларускія дэпутаты таксама нацэлены на далейшае ўзаемадзеянне ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. "Значную ролю ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы адыгрывае Форум рэгіёнаў. Думаем, што форум, які адбудзецца ў кастрычніку, таксама пройдзе паспяхова. У асноўным задзейнічаны Мінск і Мінская вобласць, таму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад гэтых рэгіёнаў прымуць непасрэдны ўдзел у яго падрыхтоўцы і правядзенні", - дапоўніў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі