Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
27 мая 2020, 17:27

Савет ЕС зацвердзіў пагадненне з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны - члены Еўрасаюза (ЕС) зацвердзілі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Савета ЕС, распаўсюджанай у сераду ў Бруселі, паведамляе ТАСС.

"Сёння Савет [ЕС] адобрыў рашэнне аб заключэнні пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагаднення аб рэадмісіі з Беларуссю", - адзначаецца ў заяве.

Як паведамлялася, раней пагадненні адобрыў Еўрапарламент. Цяпер бакі павінны абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі і тым самым завяршыць працэдуру ратыфікацыі дакументаў. Пагадненні ўступяць у сілу адначасова ў першы дзень другога месяца пасля гэтага. Планавалася, што гэта можа адбыцца ў чэрвені, аднак цяпер зразумела, што тэрміны ўступлення ў сілу пагадненняў пераносяцца як мінімум на ліпень.

Беларускі бок ратыфікаваў пагадненні яшчэ ў красавіку: 2 красавіка іх адобрылі Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, 9 красавіка законы аб ратыфікацыі пагадненняў падпісаў Прэзідэнт.

Пагадненне па візах прадугледжвае зніжэнне кошту "шэнгена" для беларусаў да 35 еўра. Многія візавыя працэдуры стануць прасцейшымі, рашэнне аб выдачы візы будзе прымацца ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі - да 30 дзён). Многія катэгорыі грамадзян у залежнасці ад мэты паездкі змогуць звяртацца за візай без выплаты збору і атрымліваць шматразовыя візы з больш доўгім тэрмінам дзеяння ў спрошчаным парадку.

Беларуская віза для грамадзян ЕС таксама патаннее да 35 еўра. Акрамя таго, будзе павялічаны пералік падстаў для выдачы бясплатных віз у некамерцыйных мэтах. Тэрмін знаходжання іншаземцаў у Беларусі павялічыцца ў два разы: з 90 дзён у годзе (цяпер) да 180.

З уступленнем у сілу пагаднення аб рэадмісіі Беларусь і Еўрапейскі саюз павінны будуць ажыццяўляць прыём назад на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць або перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго.

Беларусь і ЕС пачалі перагаворы па пагадненнях аб візах і рэадмісіі ў 2014 годзе. Аднак па шэрагу прычын узгадніць дакументы бакі хутка не змаглі і падпісалі іх 8 студзеня 2020 года. Цырымонія адбылася ў Бруселі. Ад беларускага боку подпісы пад пагадненнямі паставіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Еўрасаюз прадстаўлялі намеснік прэм'ер-міністра - міністр унутраных спраў Харватыі Давар Бажынавіч (Харватыя старшынствуе ў Еўрапейскім савеце) і еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі