Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
19 мая 2020, 09:00

Саміт ЕАЭС пройдзе сёння ў рэжыме відэаканферэнцыі пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета адбудзецца сёння ў рэжыме відэаканферэнцыі пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Раней мерапрыемства планавалася правесці ў Мінску ў вочным фармаце, аднак з улікам эпідабстаноўкі ў свеце лідары краін вырашылі абмеркаваць пытанні парадку дня аддалена, паведамляе БЕЛТА.

Як праінфармавалі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі, на парадку дня 10 пытанняў, у тым ліку аб асноўных арыенцірах макраэканамічнай палітыкі дзяржаў ЕАЭС на 2020-2021 гады, аб рэалізацыі асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці ЕАЭС у 2019 годзе, аб гадавой справаздачы ЕЭК аб стане канкурэнцыі на трансгранічных рынках і мерах, што прымаюцца па спыненні парушэнняў агульных правіл канкурэнцыі на іх, за 2019 год.

Плануецца, што Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет зацвердзіць стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай інтэграцыі да 2025 года.

"Пералік мер і механізмаў (330 пазіцый), закладзеных у дакумент, фактычна з'яўляецца дарожнай картай развіцця інтэграцыі. Яго выкананне прадугледжвае далейшую распрацоўку і падпісанне 13 міжнародных дагавораў, больш як 60 нарматыўных прававых актаў ЕАЭС, унясенне прыкладна 25 змяненняў і дапаўненняў у Дагавор аб саюзе, а таксама змяненняў у нацыянальныя заканадаўствы дзяржаў ЕАЭС", - падкрэслілі ў ЕЭК.

Як паведамлялася БЕЛТА, на пазачарговым пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, якое прайшло 23 красавіка ў фармаце відэаканферэнцыі, былі разгледжаны апошнія няўзгодненыя пытанні праекта стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Па трох пытаннях міжурадавы савет прыняў фармулёўкі, выпрацаваныя членамі Савета ЕЭК 20 і 22 красавіка. У прыватнасці, былі ўзгоднены пазіцыі бакоў па пытаннях лібералізацыі міжнародных аўтамабільных перавозак, выпрацоўкі гібкіх механізмаў мэтавага садзейнічання эканамічнаму развіццю і па супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя. Пытанне тарыфаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу ЕАЭС будзе вырашацца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Члены Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета разгледзяць рэалізацыю праграмы паэтапнай лібералізацыі выканання перавозчыкамі, зарэгістраванымі на тэрыторыі адной з дзяржаў саюза, аўтамабільных перавозак грузаў паміж пунктамі, размешчанымі на тэрыторыі іншай дзяржавы ЕАЭС.

На парадку дня таксама пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС у частцы ўдакладнення механізма фарміравання кадравага складу ЕЭК.

Прыкладна месяц таму, 14 красавіка, кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС праводзілі ўжо сустрэчу ў рэжыме відэаканферэнцыі. Тады асноўнай тэмай была сітуацыя ў краінах і саюзнае ўзаемадзеянне на фоне пандэміі. Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прамове адзначыў важнасць захавання транзітных зносін. Ён таксама выступіў за захаванне практыкі прыняцця ўзгодненых рашэнняў і прымяненне адзіных правіл рэгулявання знешняга гандлю, якія з'яўляюцца ядром функцыянавання саюза. Акрамя таго, Прэзідэнт лічыць неабходным прыняць дзейсныя меры, накіраваныя на рэальнае паглыбленне прамысловага супрацоўніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі