Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
13 верасня 2021, 11:30

Саміт АДКБ пройдзе 16 верасня ў Душанбэ ў вочным фармаце

13 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Савет калектыўнай бяспекі 16 верасня ў Душанбэ абмяркуе праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і іх уплыў на бяспеку дзяржаў - членаў АДКБ. Напярэдадні адбудзецца сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ, паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў.

"16 верасня ў Душанбэ пад старшынствам Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона ў вочным фармаце адбудзецца сесія Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, - сказаў прэс-сакратар. - У мерапрыемстве прымуць удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, Прэзідэнт Кыргызтана Садыр Жапараў, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. У пасяджэнні будзе ўдзельнічаць генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась".

Члены СКБ абмяркуюць актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і асноўныя вынікі дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў міжсесіённы перыяд. Адным з самых важных пытанняў стане сітуацыя ў Афганістане і яе ўплыў на бяспеку дзяржаў АДКБ.

"У ходзе сесіі СКБ, як чакаецца, будзе прынята Дэкларацыя Савета калектыўнай бяспекі, а таксама падпісаны шэраг дакументаў, якія датычацца міратворчасці, забеспячэння дзейнасці войскаў (калектыўных сіл) АДКБ і аснашчэння Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ сучаснымі ўзбраеннем, ваеннай і спецыяльнай тэхнікай, спецыяльнымі сродкамі, разгледжаны бюджэт АДКБ на 2022 год", - адзначыў Уладзімір Зайнетдзінаў.

З улікам пераходу старшынства ў АДКБ да Рэспублікі Арменія ў 2021-2022 гадах прэм'ер-міністр Нікол Пашынян прадставіць прыярытэты краіны, якія трэба будзе рэалізаваць.

"Напярэдадні адбудзецца сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі, у ходзе якога будзе абмяркоўвацца ваенна-палітычная абстаноўка ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі АДКБ, парадак дня маючай адбыцца сесіі СКБ. Як чакаецца, будзе прыняты шэраг важных палітычных заяў, у тым ліку сумесная заява дзяржаў АДКБ "Аб становішчы ў Афганістане", - дадаў прэс-сакратар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі