Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Сайдзік заявіў аб безальтэрнатыўнасці мінскіх пагадненняў для ўрэгулявання канфлікту ва Украіне

Палітыка 31.01.2019 | 09:00
Марцін Сайдзік. Фота з архіва
Марцін Сайдзік. Фота з архіва

31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Марцін Сайдзік 30 студзеня па выніках праведзеных у Мінску перагавораў падкрэсліў сваю прыхільнасць да мінскіх пагадненняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Абапіраючыся на свой больш як трохгадовы вопыт работы, хачу яшчэ раз падкрэсліць маю поўную прыхільнасць да мінскіх пагадненняў і асабістую перакананасць у іх неабходнасці і безальтэрнатыўнасці для мірнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, - сказаў Марцін Сайдзік. - Гэта наша агульная задача - мая, каардынатараў рабочых груп і ўсіх удзельнікаў мінскага працэсу - зрабіць усё неабходнае для іх поўнай імплементацыі (мінскіх дамоўленасцей. - Заўвага БЕЛТА)".

Як адзначыў дыпламат, забеспячэнне бяспекі і дастойных умоў жыцця для насельніцтва ў зоне канфлікту з'яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзейнасці ТКГ. У мінулым годзе ўдалося істотна скараціць колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва - да самага нізкага ўзроўню з пачатку канфлікту. І гэта тэндэнцыя ў бягучым годзе пакуль захоўваецца. Пры гэтым, згодна з папярэднімі данымі СММ АБСЕ, з пачатку года па стане на 28 студзеня не было зарэгістравана ні адной грамадзянскай ахвяры. Паводле слоў Марціна Сайдзіка, гэта відавочны доказ таго, што работа трохбаковай кантактнай групы ў Мінску прыносіць рэзультаты.

Спецпрадстаўнік нагадаў, што 25 студзеня адбылася відэаканферэнцыя дыпламатычных саветнікаў "нармандскай чацвёркі", дзе было вырашана ўдзяліць першачарговую ўвагу гуманітарным пытанням: паляпшэнню ўмоў перасячэння лініі сутыкнення, абмену ўтрымліваемымі асобамі, забеспячэнню захаванасці жыццёва важнай грамадзянскай інфраструктуры і многім іншым. Гэтыя тэмы сталі прадметам абмеркавання ТКГ і яе рабочых груп.

Эканамічная рабочая група абмяркоўвала, у прыватнасці, актуальныя пытанні водазабеспячэння, уключаючы падрыхтоўку да правядзення аўдыту кампаніі "Вада Данбаса". Як адзначыў Марцін Сайдзік, магчымая працягласць аўдыту - адзін год. Таксама прапрацоўваліся пытанні выплаты пенсій жыхарам АРДВ і АРЛВ (асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей). Спецпрадстаўнік падкрэсліў, што гэта было першае пасяджэнне эканамічнай падгрупы пад кіраўніцтвам яе новага каардынатара - былога пасла Германіі ў РФ Ульрыха Брандэнбурга.

У рабочай групе па бяспецы асноўнай стала дыскусія аб агульным стане бяспекі ў зоне канфлікту і захаванні рэжыму спынення агню. Гуманітарная падгрупа таксама ўдзяліла ўвагу пытанням абмену ўтрымліваемымі асобамі. Палітычная падгрупа прадоўжыла дыскусію па імплементацыі формулы Штайнмаера, амністыі і мадальнасцях мясцовых выбараў у АРДВ і АРЛВ.

Гаворачы аб абмене ўтрымліваемымі асобамі, спецпрадстаўнік падкрэсліў, што ў гэтай сферы па ўсіх напрамках працуе шмат людзей, аднак рэзультаты мінулага года не радуюць. "У мінулым годзе не было ні аднаго абмену - гэта сапраўды сумна. Мы спадзяёмся на лепшыя рэзультаты ў гэтым годзе", - сказаў ён. Адказваючы на пытанне аб утрымліваемых у турме Данецка пяцярых украінскіх падлетках, Марцін Сайдзік канстатаваў, што гэта важная тэма. "Менавіта гэтай тэматыкай мы сёння і займаліся. Але не магу сказаць, што ёсць прагрэс", - адзначыў дыпламат.

Марцін Сайдзік адказаў і на пытанне аб рэакцыі СМІ на яго інтэрв'ю аўстрыйскаму выданню Kleine Zeitung, апублікаванае некалькі дзён таму. Там гаварылася аб існаванні нейкага новага плана па ўрэгуляванні ў Данбасе ўзамен мінскіх пагадненняў, які прадугледжваў падключэнне да працэсу ААН шляхам накіравання ва Украіну паліцэйскай місіі і стварэнне пад эгідай ЕС Агенцтва па аднаўленні рэгіёна. "Я не каменцірую каментарыі", - сказаў дыпламат. Ён дадаў, што больш таго, што напісана ў інтэрв'ю, яму сказаць няма чаго.

Наступнае пасяджэнне кантактнай групы запланавана на 13 лютага.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Палітыка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Рэкамендацыі на выпадак НС Ратавальнікі рэкамендуюць загадзя выпрацаваць план рэагавання на НС. Гэта дапамагае не разгубіцца і не запанікаваць у экстраннай сітуацыі.