ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 30 верасня 2023
Мінск Малавоблачна +12°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 мая 2023, 19:16

Рыбакоў назваў вылучэнне Славеніі кандыдатам у непастаянныя члены Савета Бяспекі ААН палітызаваным рашэннем

Фота з архіва
Фота з архіва

16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вылучэнне Славеніі ў якасці кандыдата ў непастаянныя члены Савета Бяспекі ААН на 2024-2025 гады з'яўляецца палітызаваным рашэннем. Аб гэтым пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў заявіў у час дэбатаў у Нью-Ёрку паміж Беларуссю і Славеніяй, якая таксама падала сваю заяўку на адпаведную пасаду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прадстаўнік Беларусі звярнуў увагу на важны момант - праяўленне несправядлівасці. "Мы перакананы, што Беларусь павінна была ўдзельнічаць у гэтых дэбатах учора разам з краінамі, якія з'яўляюцца адзінымі кандыдатамі ад сваіх краінавых груп", - сказаў ён, нагадаўшы аб тым, як і калі Беларусь стала кандыдатам на пасаду непастаяннага члена Савета Бяспекі ААН. Гэта адбылося 16 гадоў таму - наша краіна вылучыла сваю кандыдатуру ў 2007 годзе. І да снежня 2021 года заставалася адзіным кандыдатам ад Усходнееўрапейскай групы. "Як відаць, спатрэбіўся час і намаганні, каб сярод членаў Усходнееўрапейскай групы знайсці саперніка, які выступіў бы супраць Беларусі. Нам гэта дакладна вядома, таму што некаторыя паслы краін гаварылі нам, што ў іх сталіцы прыходзіла прапанова прыняць удзел у саперніцтве супраць Беларусі на гэтых выбарах", - дадаў Валянцін Рыбакоў.

У час дэбатаў ён звярнуўся да прадстаўніка Славеніі з тым, каб той растлумачыў, што вымусіла яго краіну рэзка змяніць першапачатковыя планы і падаць заяўку на месца непастаяннага члена Савета Бяспекі ААН у 2021 годзе. "Што ці хто вымусіў Славенію стварыць штучнае саперніцтва супраць Беларусі ў выбарах на пасаду непастаяннага члена Савета Бяспекі ААН? - спытаў прадстаўнік Беларусі. - Гэта відавочнае праяўленне двайных стандартаў, хаця я не люблю гэты выраз, паколькі ён прадугледжвае наяўнасць двух поглядаў, але ў гэтым выпадку - гэта палітызаванае рашэнне, якое фактычна з'яўляецца спробай пакараць Беларусь за незалежную знешнюю палітыку і падыходы на міжнароднай арэне".

Той факт, што літаральна праз пару дзён пасля рашэння Славеніі вызваленае вакантнае месца на 2042-2043 гады было хутка занята Паўночнай Македоніяй, сведчыць аб спланаваным і зрэжысіраваным характары гэтай акцыі, падкрэсліў Валянцін Рыбакоў.

Ён таксама прадставіў інфармацыю аб прыярытэтах Беларусі ў выпадку выбрання на пасаду непастаяннага члена Савета Бяспекі. Гэта дзеянні ў падтрымку Статута ААН, падтрыманне дыялогу, умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам, падтрымка рэформы Савета Бяспекі на аснове прынцыпаў празрыстасці, інклюзіўнасці, шматбаковасці і справядлівага геаграфічнага прадстаўніцтва. У ліку прыярытэтаў Беларусі і пытанні змянення клімату, забеспячэння разважлівага падыходу ў вырашэнні адпаведных выклікаў.

У час дэбатаў прадстаўнікі розных краін задалі шэраг пытанняў у адрас Беларусі і Славеніі. Яны датычыліся ў тым ліку тэматыкі дзейнасці Савета Бяспекі ААН і магчымасцей павышэння эфектыўнасці, рэфармавання гэтай структуры. Таксама дыпламаты адказалі на пытанні пра канфлікт ва Украіне і ўцягнутасць у яго розных бакоў, пра магчымасці прадухілення глабальных змяненняў клімату, неабходнасць рэагавання на іншыя глабальныя выклікі і пагрозы.

Як паведамлялася раней, у 2007 годзе Рэспубліка Беларусь вылучыла сваю кандыдатуру на месца непастаяннага члена Савета Бяспекі ААН на 2024-2025 гады ад Усходнееўрапейскай групы. Выбары адбудуцца ў чэрвені гэтага года. На працягу пятнаццаці гадоў Рэспубліка Беларусь была адзіным кандыдатам ад групы. 9 снежня 2021 года сваю кандыдатуру на гэта ж месца ўнесла Славенія, хоць яшчэ ў 2017 годзе яна ўжо ўнесла ў групе сваю кандыдатуру на 2042-2043 гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі