Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
23 красавіка 2020, 15:48

Румас заклікае сумленна і адкрыта дамаўляцца па ключавых для ЕАЭС пытаннях

23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас заклікае сумленна і адкрыта дамаўляцца ў краевугольных для функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза сферах. Аб гэтым кіраўнік беларускага ўрада заявіў сёння на пазачарговым пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў фармаце відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Праект стратэгічных напрамкаў (развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. - Заўвага БЕЛТА) - гэта вынік даволі складанага кампрамісу бакоў. Аднак у тых сферах, якія з'яўляюцца краевугольнымі для стварэння і функцыянавання сапраўднага эканамічнага саюза, мы павінны сумленна і адкрыта дамаўляцца, каб не паўтарыць лёс шэрага прататыпаў эканамічнага саюза", - адзначыў Сяргей Румас.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, пры падрыхтоўцы праекта стратэгічных напрамкаў засталося ўсяго адно, але вельмі адчувальнае пытанне. Як паведамлялася, гэта пытанне тарыфаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку газу ЕАЭС.

Сяргей Румас звярнуў увагу, што рэалізацыя Дагавора аб ЕАЭС патрабуе прыняцця амбіцыйных рашэнняў па развіцці інтэграцыі, пашырэнні галін эканамічнага супрацоўніцтва і ўдасканаленні інстытутаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

"Не буду меркаваць, наколькі падрыхтаваны праект стратэгічных напрамкаў гэтаму пасылу адпавядае. Многія сапраўды амбіцыйныя прапановы ЕЭК і бакоў былі намаганнямі асобных экспертаў выключаны, нават не дайшоўшы да разгляду на высокім узроўні. Па шэрагу мер прыняты максімальна мяккія фармулёўкі, і толькі практыка рэалізацыі стратэгічных напрамкаў пакажа, як далёка мы зможам рушыць наперад у тых ці іншых інтэграцыйных сферах", - сказаў Сяргей Румас.

Ён нагадаў, што кіраўнікі дзяржаў 6 снежня 2018 года даручалі прадставіць стратэгічныя напрамкі для зацвярджэння да канца 2019 года. "На жаль, мы гэты тэрмін парушылі. Тым не менш я спадзяюся, што на чарговым пасяджэнні 19 мая Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет стратэгічныя напрамкі зацвердзіць", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі