Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 снежня 2019, 18:23

Румас прапанаваў Мядзведзеву абмеркаваць нявырашаныя пытанні па інтэграцыі СД

6 снежня, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сёння на сустрэчы са старшынёй урада РФ Дзмітрыем Мядзведзевым прапанаваў абмеркаваць нявырашаныя пытанні па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Рады чарговай сустрэчы, магчымасці абмеркаваць пытанні, па якіх не ўдалося дамовіцца нашым міністрам", - сказаў Сяргей Румас.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што азнаёміўся з учарашнім інтэрв'ю Дзмітрыя Мядзведзева і згодны, што трэба шанаваць і берагчы тое, што зроблена ў Саюзнай дзяржаве. "Я падзяляю гэты пасыл. Мы ў Беларусі лічым, што за 20 гадоў наша Саюзная дзяржава ператварылася ў вельмі магутнае інтэграцыйнае аб'яднанне. Але да "шанаваць інтэграцыю" я дадаў бы яшчэ і "развіваць", - звярнуў увагу Сяргей Румас.

Дзмітрый Мядзведзеў нагадаў, што цяперашнія перагаворы на ўзроўні прэм'ераў праходзяць напярэдадні сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, у якой прымуць удзел і ўрады ў тым ці іншым фармаце. Паводле яго слоў, сёння трэба абмеркаваць, якія рашэнні падрыхтаваны, якая колькасць карт узгоднена, якая - не ўзгоднена.

"Зусім нядаўна мы з вамі правялі ў дыскусіі амаль 8 гадзін, і, як мне ўяўляецца, у цэлым папрацавалі нядрэнна. Цяпер, як і дамаўляліся, апошняя сустрэча на ўрадавым узроўні па гэтым пытанні да сустрэчы прэзідэнтаў. Мы можам прабегчыся па дарожных картах, пытаннях, якія яшчэ не ўзгаднілі", - прапанаваў Дзмітрый Мядзведзеў.

Старшыня ўрада РФ лічыць натуральным тое, што некаторыя пытанні па інтэграцыі яшчэ не вырашаны. "Кола тэм, звязаных з інтэграцыяй, - каласальнае. Было б з нашага боку дзіўна, што мы ўзвалілі б на сябе абавязак дамовіцца па ўсіх пазіцыях за такія кароткія тэрміны. Работа, праведзеная ўрадамі дзвюх краін, міністрамі эканомікі, віцэ-прэм'ерамі, наша работа (прэм'ераў. - Заўвага БЕЛТА) была ўсё ж такі вельмі хуткай і ў той жа час даволі глыбокай. Але гэта не азначае, што мы бяром на сябе цяпер усё рашэнні. Мы проста не змаглі б гэтага зрабіць, таму давялося прасіць аб сустрэчы прэзідэнтаў. Спадзяюся, што заўтрашняя работа многае праясніць", - дадаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Пасля сустрэчы "сам-насам" перагаворы прадоўжыліся ў пашыраным фармаце з удзелам урадавых дэлегацый. З беларускага боку ўдзельнічае першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой, віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў і іншыя кіраўнікі дзяржорганаў.

Раней 6 снежня Сяргей Румас паведамляў, што Беларусі і Расіі засталося ўзгадніць 16 пытанняў па інтэграцыйных картах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі