Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
13 красавіка 2021, 13:04

Развіццё адносін з Кітаем - прыярытэтны напрамак знешняй палітыкі Беларусі - Андрэйчанка

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Развіццё адносін з Кітаем - прыярытэтны напрамак знешняй палітыкі Беларусі, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Се Сяаюнам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Думаю, што за час работы ў Беларусі вы пераканаліся ўжо, што да вашага народа, да вашай краіны ў нас адносяцца з вялікай шчырасцю, сімпатыяй. У цэлым я хацеў бы адзначыць, што развіццё адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай - гэта прыярытэтны напрамак знешняй палітыкі Беларусі. У нас вельмі даўнія дружалюбныя сувязі, і яны дазваляюць вырашаць нам практычна ўсе пытанні і весці супрацоўніцтва па многіх напрамках”, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Паводле яго слоў, аснову двухбаковага супрацоўніцтва складаюць кантакты кіраўнікоў нашых дзяржаў. "Вельмі важныя перагаворы адбыліся ў студзені паміж Прэзідэнтам Беларусі і Старшынёй КНР. Абмеркаваны важныя пытанні нарошчвання паставак харчовай прадукцыі ў КНР, хлорыстага калію, развіцця адносін паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая, пытанні барацьбы з COVID-19. Вядома, мы ўдзячны кітайскаму народу за тое, што ў лютым бягучага года ў Беларусь на бязвыплатнай аснове было пастаўлена 100 тыс. доз вакцыны супраць каранавіруса", - адзначыў спікер.

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што нашы краіны па многіх напрамках узаемадзейнічаюць на розных міжнародных пляцоўках, у тым ліку міжпарламенцкіх. "У Беларусі ўважліва сочаць, як развіваецца ваша краіна. Некалі ў вас было нямала праблем, але на сённяшні дзень - гэта вядучая краіна ў свеце. Гэта ўсё зроблена дзякуючы працавітаму, таленавітаму кітайскаму народу, дзякуючы вашаму адзінству, з'яднанасці. Я думаю, што дружба, узаемаразуменне паміж нашымі дзяржавамі захаваюцца ў будучым, - заявіў ён. - Сёння важна кансалідаваць намаганні, выходзіць на маштабныя праекты, каб паказаць неэфектыўнасць санкцый, дыктату, што прымяняецца з боку асобных дзяржаў супраць Беларусі і Кітая”.

Як дадаў пасол, сёння кітайска-беларускае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва развіваецца стабільна і плённа. “Нашы кантакты на вышэйшым і высокім узроўні падтрымліваюцца добрым рытмам. Узаемаразуменне і палітычны давер умацоўваюцца з кожным годам. Мы падтрымліваем адзін аднаго па тых пытаннях, якія датычацца нашых інтарэсаў, - сказаў ён. - Вядома, не магу не адзначыць той прагрэс, якога мы з вамі дасягнулі ў галіне дзелавога супрацоўніцтва, у эканоміцы, гандлі, інвестыцыях, навуцы і тэхніцы, культуры і адукацыі”.

Се Сяаюн адзначыў, што пасля ўспышкі COVID-19 Кітай і Беларусь падтрымліваюць і прадастаўляюць адзін аднаму неабходныя проціэпідэмічныя рэсурсы. "Мы абменьваліся вопытам у барацьбе з эпідэміяй. Спадзяёмся, што кітайскія вакцыны дапамогуць нашым беларускім сябрам перамагчы каранавірус, - канстатаваў пасол. - Усё гэта адлюстроўвае высокі ўзровень і асаблівы характар кітайска-беларускіх адносін. Мы таксама падтрымліваем вашу краіну ў абароне вашага суверэнітэту, незалежнасці. І мы паважаем шлях, выбраны Беларуссю ў адпаведнасці з вашымі рэаліямі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі