
6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Азербайджан захавалі ўзровень і тэмпы двухбаковага супрацоўніцтва пры актывізацыі ўзаемадзеяння па шэрагу напрамкаў. Важнасць гэтага адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы Андрэй Раўкоў у інтэрв'ю штодзённай грамадска-палітычнай газеце "Новое время", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэты год лічу няпростым, але адначасова плённым і перспектыўным для беларуска-азербайджанскіх адносін. Яго галоўны вынік - захаванне ўзроўню і тэмпаў двухбаковага супрацоўніцтва пры актывізацыі ўзаемадзеяння па шэрагу напрамкаў", - падкрэсліў дыпламат, падводзячы вынікі года адыходзячага.
На яго думку, праведзены ў маі 2022 года рабочы візіт прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі ў Азербайджан стаў важкім укладам у двухбаковае супрацоўніцтва.
"Перагаворы з прэм'ер-міністрам Алі Асадавым прайшлі ў атмасферы шчырасці, даверу і дружбы, адкрыўшы новую вяху ўзаемавыгаднага дыялогу. Кіраўнікі ўрадаў чарговы раз пацвердзілі ўзровень стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі, падкрэсліўшы, што беларуска-азербайджанскія адносіны могуць быць прыкладам плённага супрацоўніцтва, паколькі ў актуальным двухбаковым парадку дня адсутнічаюць праблемныя тэмы", - звярнуў увагу пасол Беларусі.-0-