Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 снежня 2018, 16:30

Пуцін: рэалізацыя падрыхтаваных да саміту ЕАЭС рашэнняў дасць прыбаўку да ВУП краін саюза да $9 млрд

6 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Рэалізацыя праектаў рашэнняў, падрыхтаваных да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу, можа даць прыбаўку да ВУП краін саюза да $9 млрд. Аб гэтым сёння на саміце заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Падрыхтаваны праекты важных рашэнняў - аб стварэнні агульных рынкаў нафты, нафтапрадуктаў, газу. Паводле ацэнак экспертаў, ажыццяўленне гэтых планаў дасць прыбаўку да ВУП нашых краін да $9 млрд", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

У цэлым на саміце трэба будзе падвесці вынікі сумеснай дзейнасці па развіцці эканамічнай інтэграцыі ў бягучым годзе і паразмаўляць аб планах на будучае."Супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза развіваецца даволі паспяхова і вельмі дынамічна, садзейнічае больш поўнаму раскрыццю эканамічнага патэнцыялу нашых дзяржаў", - лічыць расійскі лідар.

Паводле яго слоў, сукупны ВУП краін саюза павялічыўся ў першым паўгоддзі 2018 года на 2 працэнты. Прадоўжыўся і рост вытворчасці ў прамысловасці ў цэлым па ЕАЭС - плюс 3,3 працэнта. У сельскай гаспадарцы - плюс 2,4 працэнта. На 12 працэнтаў выраслі аб'ёмы ўнутрысаюзнага гандлю, дасягнуўшы $44 млрд. Тавараабарот са знешнімі партнёрамі павялічыўся на 21 працэнт да $548 млрд, прычым пераважна за кошт нарошчвання экспарту краін ЕАЭС. Саюз палепшыў свае пазіцыі і ў міжнародных рэйтынгах.

Прэзідэнт Расіі расказаў аб намаганнях, прыкладзеных у рамках расійскага старшынства ў саюзе ў бягучым годзе. Намаганні ў тым ліку былі засяроджаны на пашырэнні практыкі наднацыянальнага рэгулявання. Прадаўжаецца ўдасканаленне сістэмы тэхнічнага рэгулявання і кантролю за якасцю прадукцыі. Адзіныя тэхнічныя стандарты ўжо распрацаваны для 85 працэнтаў тавараў, што вырабляюцца ў краінах ЕАЭС.

Сфарміраваны таксама нарматыўная і інстытуцыянальная базы для запуску адзінай лічбавай прасторы ЕАЭС. У бюджэце саюза на 2019 год прадугледжаны значныя сродкі на рэалізацыю вялікіх лічбавых праектаў.

Расійскі лідар лічыць перспектыўным супрацоўніцтва ў сферы прадастаўлення касмічных паслуг, у тым ліку стварэнне агульнай групоўкі арбітальных апаратаў і пашырэнне геаінфармацыйных сэрвісаў для рынкаў трэціх краін.

Акрамя таго, расійскі бок прапануе прапрацаваць пытанне аб стварэнні ў ЕАЭС агульнай разліковай інфраструктуры з выкарыстаннем сучасных фінансавых тэхналогій, уключыць у інтэграцыйны парадак дня пытанні спрашчэння парадку перамяшчэння грамадзян, наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне ў сферах аховы здароўя, адукацыі, спорту, турызму і культуры, больш увагі ўдзяляць міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі