
6 красавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расію аб'ядноўваюць агульныя духоўныя, культурныя і маральныя каштоўнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў у Крамлі на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, на пасяджэнні ВДС прадметна разгледжаны стан спраў на прыярытэтных напрамках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і адобраны шэраг рашэнняў, накіраваных на далейшае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў.
"Такі настрой на актывізацыю работы па ўсіх напрамках, па ўсім комплексе супрацоўніцтва поўнасцю падзяляецца і грамадскасцю нашых краін, і жыхарамі нашых дзяржаў, - падкрэсліў Уладзімір Пуцін. - Нашы краіны аб'ядноўваюць традыцыйныя дружба, агульныя духоўныя, культурныя і маральныя каштоўнасці. Менавіта на гэтай аснове мы разам і будуем Саюзную дзяржаву, і нам ужо ўдалося шмат чаго дабіцца".
У цеснай каардынацыі ўрады Беларусі і Расіі займаюцца пытаннямі забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці, звярнуў увагу Прэзідэнт. Развіваецца ўзаемадзеянне ў валютна-фінансавай і крэдытна-грашовай сферах, разам рэалізуюцца комплексныя меры па мінімізацыі ўрону ад незаконных санкцый, умацоўваецца кааперацыя з замежнымі краінамі, якія працуюць з Беларуссю і Расіяй і хочуць прадаўжаць гэта супрацоўніцтва ў будучым.
"Эфектыўнасць такіх сумесных намаганняў пацвярджаецца паказчыкамі ўзаемнага гандлю, якія ўзрастаюць. Расія трывала займае месца буйнейшага гандлёва-эканамічнага партнёра Беларусі", - сказаў расійскі лідар. Свае словы ён падмацаваў данымі аб тавараабароце дзвюх краін: за 2021 год ён вырас на 35 працэнтаў да $40 млрд, а ў 2022-м павялічыўся яшчэ на 12 працэнтаў да рэкордных $45 млрд. "Але па беларускай статыстыцы - да $50 млрд з улікам паслуг, - удакладніў Уладзімір Пуцін. - Усе, хто займаецца пытаннямі эканомікі, разумеюць, што для нашых краін гэта вельмі салідныя велічыні".
Пры гэтым аб'ёмы паставак з абодвух бакоў збалансаваныя, і гэта таксама вельмі добры паказчык сумеснай работы, заўважыў расійскі лідар.-0-