
6 красавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. Па ўсіх пытаннях Беларусь і Расія знойдуць прымальныя для абодвух бакоў рашэнні. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік расійскай дзяржавы цёпла вітаў удзельнікаў пасяджэння, якія прыбылі ў Маскву: "Усё для вас блізкае, не чужое, сваё". Ён падкрэсліў, што абедзве краіны вельмі цесна працуюць па лініі Саюзнай дзяржавы.
"Урады і парламенты актыўна папрацавалі, падрыхтаваўшы нашу сённяшнюю сустрэчу. Па сутнасці, мы сабраліся толькі для таго, каб зафіксаваць вынікі вашай работы. Хачу вам за гэту работу падзякаваць і выказаць надзею на тое, што, калі і будуць нейкія пытанні да гэтага часу яшчэ не ўзгодненыя (хоць я такіх не бачу), калі штосьці ўзнікне ў ходзе жывых стасункаў і рэальнай работы, то мы, безумоўна, як гэта заўсёды і было ў практыцы нашай сумеснай дзейнасці, узгоднім і знойдзем прымальныя для абодвух бакоў рашэнні", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
У парадку дня мерапрыемства - ход выканання асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і саюзных праграм. Яшчэ адна ключавая тэма - распрацоўка Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы.
Традыцыйна частка пытанняў парадку дня ВДС будзе звязана з бягучай дзейнасцю ў рамках Саюзнай дзяржавы. На пасяджэнні падвядуць вынікі і абмяркуюць сумесную работу на наступны перыяд.-0-