Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 лістапада 2021, 20:16

Пуцін: Беларусь для Расіі не проста бліжэйшы саюзнік, а братэрская краіна і народ

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь для Расіі не проста бліжэйшы саюзнік, а братэрская краіна і народ. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў сёння на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Расійскі лідар падкрэсліў, што Беларусь для Расіі з'яўляецца не проста добрым суседам і бліжэйшым саюзнікам, супрацоўніцтва з якім выбудоўваецца на прынцыпах узаемнай павагі, падтрымкі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. "Гэта па-сапраўднаму братэрская рэспубліка, братэрскі народ. І мы стараемся рабіць усё, каб так было заўсёды", - заявіў Уладзімір Пуцін.

Ён адзначыў, што ў Расіі і Беларусі шмат агульнага. "Нас звязваюць і шматвяковая братэрская дружба, гісторыя, духоўныя і маральныя каштоўнасці, а часта проста сямейнае сваяцтва. Нашы народы заўсёды дапамагалі адзін аднаму ў цяжкую мінуту. Мы разам абаранялі свабоду і незалежнасць. Плячо ў плячо змагаліся са знешнімі ворагамі, поплеч працавалі дзеля дабрабыту і працвітання нашых народаў", - сказаў расійскі лідар.

Што датычыцца будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, Уладзімір Пуцін канстатаваў, што за чвэрць стагоддзя бакі разам шмат зрабілі для агульнай эканамічнай прасторы. Нават ва ўмовах пандэміі эканамічнае супрацоўніцтва дэманструе дадатную дынаміку, і адносіны развіваюцца па самых розных напрамках.

"У інтэграцыйных намаганнях мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым", - упэўнены Уладзімір Пуцін. І якраз далейшай рабоце ў гэтым напрамку павінны паслужыць Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і 28 галіновых саюзных праграм. Яны нацэлены на правядзенне скаардынаванай макраэканамічнай стратэгіі, укараненне адзіных прынцыпаў падаткаабкладання, ажыццяўленне агульнай палітыкі ў крэдытна-фінансавай і банкаўскай сферах, у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Таксама прадугледжана ўзгодненае рэгуляванне аб'яднаных рынкаў нафты, газу, электраэнергіі і транспартных паслуг.

"Дарэчы, я цяпер сказаў пра рынкі нафты, газу. Мы трымаем пад пастаянным кантролем гэтыя пытанні. Яны надзвычай важныя і часта выклікаюць і спрэчкі, і гарачыя дыскусіі. Але тым не менш і ў гэтай сферы ў нас дасягнуты вельмі сур'ёзны прагрэс. Вы самі ведаеце, што цяпер адбываецца на сусветных рынках нафты і газу", - адзначыў Прэзідэнт Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі