Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 ліпеня 2019, 12:14

Праект беларускай рэзалюцыі ўключаны ў парадак дня ПА АБСЕ

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект беларускай рэзалюцыі "Стратэгічнае прагназаванне ў галінах навукі, тэхналогій і інавацый для ўстойлівага развіцця" ўключаны ў парадак дня 28-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Люксембургу. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

У час пасяджэння Пастаяннага камітэта ПА АБСЕ кіраўнікі дэлегацый зацвердзілі склады агульных камітэтаў, бюджэт асамблеі на 2019-2020 фінансавы год і прынялі рашэнне па ўключэнні дадатковых праектаў рэзалюцый ПА АБСЕ ў парадак дня сесіі. "Ініцыіраваны беларускімі парламентарыямі праект рэзалюцыі "Стратэгічнае прагназаванне ў галінах навукі, тэхналогій і інавацый для ўстойлівага развіцця" атрымаў падтрымку членаў Пастаяннага камітэта ПА АБСЕ і быў уключаны ў парадак дня сесіі", - праінфармавалі ў прэс-службе.

Акрамя таго, парламентарыі заслухалі даклады старшыні ПА АБСЕ Георгія Цэрэтэлі і генеральнага сакратара ПА АБСЕ Раберта Мантэлы, тэрмін паўнамоцтваў якога быў прадоўжаны на новы тэрмін. Былі разгледжаны бягучыя міжнародныя палітычныя падзеі, пытанні дзейнасці асамблеі і падрыхтоўкі будучых пасяджэнняў у 2019 і 2020 гадах у Марока і Канадзе.

Парламенцкую дэлегацыю Беларусі на ПА АБСЕ ўзначальвае намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук. Віцэ-спікер прыняў удзел у шостай сустрэчы Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ і пасяджэнні кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый дзяржаў - членаў АДКБ у ПА АБСЕ, дзе абмяркоўвалася пашырэнне сумесных ініцыятыў па ключавых пытаннях парадку дня сесіі. "На сустрэчы Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ была падтрымана заяўка аб уступленні дэлегацыі Узбекістана. Быў прадстаўлены праект праграмы швейцарскай міжнароднай канферэнцыі, якая пройдзе 5-7 верасня ў Андэрмаце. Старшынёй групы быў перавыбраны азербайджанскі парламентарый Азай Гуліеў. Намеснікамі старшыні групы сталі член дэлегацыі Швейцарыі Філіпа Ламбардзі і кіраўнік сербскай дэлегацыі Стэфана Міладзінавіч", - расказалі ў прэс-службе.

Сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ праходзіць у Люксембургу з 4 па 8 ліпеня. Яе асноўная тэма - "Садзейнічанне ўстойліваму развіццю ў інтарэсах умацавання бяспекі: роля парламентаў". Парламентарыі абмяркоўваюць заканадаўчыя меры па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва і садзейнічанні ўстойліваму развіццю як важнай перадумовы для забеспячэння міру і бяспекі ў рэгіёне АБСЕ. На пленарным пасяджэнні 4 ліпеня з прывітальным словам да членаў асамблеі звярнуўся старшыня Палаты дэпутатаў Фернан Этжэн і прэм'ер-міністр Люксембурга Ксаўе Бетэль. Сесія завершыцца выбарамі старшыні ПА АБСЕ, яго намеснікаў, казначэя і службовых асоб камітэтаў. Акрамя таго, будзе прынята Люксембургская дэкларацыя, якая змяшчае рэкамендацыі для 57 дзяржаў - удзельніц АБСЕ ў галіне палітыкі, бяспекі, эканомікі, навакольнага асяроддзя, правоў чалавека і гуманітарных пытанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі