12 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Польшча выступае за больш актыўнае выбудоўванне дыялогу з Беларуссю. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі сёння на вечары ў Доме дружбы з нагоды польскага нацыянальнага свята - Дня Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат падкрэсліў, што варта адкрыць беларуска-польскае суседства нанова, каб сумесна будаваць будучыню. Ён лічыць важным для абедзвюх дзяржаў развіваць палітычны і эканамічны дыялог, улічваючы станоўчы гістарычны вопыт адносін. Пасол пажадаў, каб незалежнасць як Польшчы, так і Беларусі толькі ўмацоўваліся. "Мы суседзі незалежныя і блізкія, народы нашых краін добра ведаюць адзін аднаго", - сказаў ён.
Намеснік начальніка ўпраўлення Еўропы галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі Міністэрства замежных спраў Беларусі Алена Шпакова падкрэсліла, што гісторыя развіцця адносін дзвюх краін не была простай. "Беларусь і Польшча прайшлі вялікі шлях да незалежнасці і суверэнітэту. Мы падтрымліваем адносіны добрых суседзяў і партнёраў, якія ўмеюць дружыць і абмяркоўваць усе пытанні, - адзначыла яна. - Дзякуючы сумесным намаганням у апошнія гады ўдалося дасягнуць добрага ўзроўню развіцця двухбаковых адносін". Польшча ўваходзіць у пяцёрку галоўных інвестараў Беларусі, польскія кампаніі паспяхова працуюць у рэспубліцы, а беларускія - у Польшчы, дадала яна.
Дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ прафесар Віктар Шадурскі падкрэсліў велізарны патэнцыял развіцця палітычных, эканамічных і гуманітарных кантактаў.
Старшыня таварыства "Беларусь - Польшча" Анатоль Бутэвіч у сваю чаргу заявіў аб важнасці гістарычна цесных беларуска-польскіх кантактаў, якія з'яўляюцца добрым фундаментам для выбудоўвання супрацоўніцтва на сучасным этапе.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел актывісты Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, студэнты, творчая інтэлігенцыя.-0-