Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 красавіка 2019, 09:30

Першая сустрэча Групы "сяброў інвестыцый" у МУР запланавана на другую палавіну 2019 года

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая сустрэча Групы "сяброў інвестыцый" для дасягнення Мэт устойлівага развіцця адбудзецца ў другой палавіне 2019 года. Аб гэтым дамовіліся 4 красавіка на сустрэчы пастаянны прадстаўнік Беларусі ў Жэневе Юрый Амбразевіч і Генеральны сакратар Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) Мукіса Кітуі, паведамілі БЕЛТА ў пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Юрый Амбразевіч адзначыў актывізацыю супрацоўніцтва Беларусі з ЮНКТАД у 2018 і бягучым гадах. Ён пазітыўна ацаніў сумесную работу ў сферах інвестыцый, электроннага гандлю, палітыкі ў галіне канкурэнцыі і стандартаў бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці. Акрамя таго, пастаянны прадстаўнік выказаў зацікаўленасць у пашырэнні ініцыятывы Беларусі па стварэнні на базе ЮНКТАД Групы "сяброў інвестыцый" для аб'яднання намаганняў міжнароднай супольнасці ў Жэневе і міжнароднага бізнесу для дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

Мукіса Кітуі ў сваю чаргу падзякаваў Беларусі за актыўнае ўзаемадзеянне з ЮНКТАД, у тым ліку за пашырэнне рэгіянальнага парадку дня ў ходзе нядаўняга Тыдня электроннага гандлю і Сусветнага інвестыцыйнага форуму ЮНКТАД, які адбыўся ў кастрычніку 2018 года. Генеральны сакратар прапанаваў правесці першую сустрэчу Групы "сяброў інвестыцый" у МУР у другой палавіне бягучага года, а таксама пацвердзіў гатоўнасць ЮНКТАД да далейшага садзейнічання краінам з сярэднім узроўнем даходу.

У 2015 годзе дзяржавы - члены ААН прынялі парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, які ўключае ў сябе спіс з 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР). Яны накіраваны на ліквідацыю беднасці і голаду, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі. Парадак дня-2030 - гэта комплексная стратэгія павышэння якасці жыцця людзей, развіцця і спажывання без урону для будучых пакаленняў. Усе 17 Мэт адаптуюцца і для Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі