Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 студзеня 2020, 13:14

Перагаворы аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Ізраілем могуць прайсці ў сакавіку

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка ў першы дзень свайго візіту ў Ізраіль 21 студзеня сустрэўся са спікерам Кнесета Яэлем Эдэльштэйнам. Аб гэтым БЕЛТА паведамляе прэс-служба ніжняй палаты беларускага парламента.

Візіт прадоўжыцца па 24 студзеня. Уладзімір Андрэйчанка знаходзіцца ў Іерусаліме па даручэнні кіраўніка дзяржавы для ўдзелу ў мерапрыемствах Міжнароднага форуму лідараў, прысвечанага Дню памяці ахвяр халакосту і 75-й гадавіне вызвалення Асвенціма.

Адзначаючы важнасць гэтых падзей, Уладзімір Андрэйчанка сказаў, што ў беларускім парламенце шануюць памяць яўрэяў, якія змагаліся супраць нацызму. У іх ліку былі дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларускай ССР першага склікання Перачынскі Барыс Ханонавіч і Ласко Фама Іосіфавіч. Іх імёны высечаны на мемарыяльных дошках, размешчаных у фае Авальнай залы Палаты прадстаўнікоў. Беларускі спікер дадаў, што копіі дакументаў аб іх будуць перададзены ў Мемарыяльны комплекс гісторыі халакосту "Яд Вашэм".

Парламентарыі таксама абмеркавалі перспектывы рэалізацыі дамоўленасцей аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Ізраілем і ЕАЭС. Утварэнне такой зоны адпавядае інтарэсам двух народаў і дасць магчымасць больш эфектыўна вырашаць пытанні, накіраваныя на забеспячэнне эканамічнага дабрабыту і сацыяльнай абароны. Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, "беларускае старшынства ў ЕАЭС у 2020 годзе адкрывае ў гэтым плане акно магчымасцей". Палітык растлумачыў, што шосты раўнд перагавораў па заключэнні Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Дзяржавай Ізраіль плануецца правесці ў сакавіку 2020 года ў Маскве.

У час сустрэчы была падкрэслена неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, у прыватнасці ў ПА АБСЕ. Важным напрамкам гэтай работы павінна стаць процідзеянне любым спробам перагляду вынікаў вайны і скажэння гістарычнай праўды.

Бакі разгледзелі перспектывы развіцця двухбаковага міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Уладзімір Андрэйчанка адзначыў плённы характар узаемадзеяння створаных груп дружбы. Цяпер у Нацыянальным сходзе ідзе працэс абнаўлення складу рабочай групы па двухбаковым супрацоўніцтве і выказаў надзею, што пасля парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у Ізраілі ў сакавіку бягучага года, у Кнесеце 23-га склікання таксама будзе сфарміравана Ліга міжпарламенцкай дружбы "Ізраіль-Беларусь".

"Нам неабходна актыўна выкарыстоўваць патэнцыял парламенцкай дыпламатыі для нарошчвання гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння", - перакананы старшыня Палаты прадстаўнікоў. Ён прапанаваў падключаць дэпутатаў да работы беларуска-ізраільскага камітэта па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве.

Адзначаючы важнасць рэгіянальных сувязей, Уладзімір Андрэйчанка прывёў прыклад пазітыўнага вопыту развіцця пабрацімскіх узаемаадносін паміж беларускімі і ізраільскімі гарадамі. Такія сувязі ўстаноўлены паміж васьмю парамі гарадоў. Ён падкрэсліў важнасць рэалізацыі праектаў па захаванні месцаў гістарычнай памяці, звязаных з сумесным пражываннем беларускага і яўрэйскага народаў на тэрыторыі нашай рэспублікі. З Віцебшчынай, напрыклад, звязана жыццё заснавальніка сучаснага іўрыта Эліэзера Бен-Егуды.

Спікеры абмеркавалі і перспектывы супрацоўніцтва ў галінах навукі, інавацый, медыцыны, сельскай гаспадаркі і турызму.

Пасля завяршэння сустрэчы старшыня Палаты прадстаўнікоў пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Кнесета, адзначыўшы, што "двухбаковыя міжпарламенцкія сувязі асноўваюцца на шматвяковай гісторыі ўзаемаадносін нашых дружалюбных народаў на беларускай зямлі, якая стала калыскай для трох прэзідэнтаў і трох прэм'ер-міністраў Дзяржавы Ізраіль, выдатных яўрэйскіх мысліцеляў, рэлігійных дзеячаў і заснавальніка сучаснага іўрыта. Яшчэ адным напамінам пра агульныя старонкі гісторыі з'яўляецца адзін з сімвалаў Кнесета - Зала Марка Шагала, ураджэнца беларускага Віцебска".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі