Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
20 мая 2022, 16:13

Пастаянны прадстаўнік Беларусі абмеркаваў з генсакратаром ААН харчовую бяспеку і санкцыі

20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У штаб-кватэры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адбылася сустрэча пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.

Беларускі дыпламат перадаў кіраўніку арганізацыі асабістае пасланне ад кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Бакі абмеркавалі праблематыку міжнароднай харчовай бяспекі ва ўмовах геапалітычнай напружанасці і санкцыйнага націску, расказалі ў МЗС.

Як паведамлялася, напярэдадні Валянцін Рыбакоў выступіў на пасяджэнні Савета Бяспекі сусветнай арганізацыі па тэме канфліктаў і харчовай бяспекі. Дыпламат падкрэсліў, што заходнія краіны, прыкрываючыся падзеямі ва Украіне, заняты пошукам прычын для ўсё новых і новых аднабаковых санкцый.

Ён адзначыў, што Прэзідэнт Беларусі не раз папярэджваў сусветную супольнасць аб згубнасці ўвядзення санкцый адносна беларускай калійнай галіны і прадуктаў харчавання. Гэтыя перасцярогі кіраўніка беларускай дзяржавы данеслі да Генеральнай асамблеі і Савета Бяспекі ААН.

"Але аўтары такіх санкцый не гатовы былі слухаць тады і не слухаюць цяпер ні міжнародныя інстытуты, ні экспертаў, ні прадстаўнікоў краін, дзе голад і недаяданне пагражаюць выжыванню нацый, - адзначыў Валянцін Рыбакоў. - У выніку, як канстатуе Сусветны банк, індэкс цэн на сельгаспрадукцыю да мая 2022 года вырас на 43 працэнты ў параўнанні з мінулым годам, а кожны дадатковы працэнтны пункт росту цэн на прадукты харчавання прывядзе да дадатковых 10 млн чалавек, якія апынуцца ва ўмовах крайняй беднасці. Сёння генеральны сакратар ААН адзначыў павышэнне цэн на базавыя прадукты харчавання (staple foods) на 30 працэнтаў, што нясе прамую пагрозу людзям у краінах Афрыкі і Блізкага Усходу".

Яшчэ 5 мая генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, выступаючы на пасяджэнні Савета Бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, заклікаў вярнуць на сусветныя рынкі прадукты, а таксама ўгнаенні расійскай, беларускай і ўкраінскай вытворчасці.

"Вырашэнне глабальнай праблемы харчовай бяспекі патрабуе рэінтэграцыі сельскагаспадарчай вытворчасці Украіны і вытворчасці прадуктаў харчавання і ўгнаенняў у Расіі і Беларусі ў сусветныя рынкі", - заявіў Антоніу Гутэрыш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі