
22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі саюз вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі і спрабуе з дапамогай санкцый зняць кіраўніцтва дзяржавы. Аб гэтым пасол Беларусі ў Фінляндыі і па сумяшчальніцтве ў Даніі Аляксей Самасуеў заявіў у інтэрв'ю дацкай газеце Politiken, паведамляе БЕЛТА.
"Наша насельніцтва складае 10 мільёнаў чалавек. У ЕС іх паўмільярда. З нашага боку было б неразумна спрабаваць дэстабілізаваць Еўрапейскі саюз. Больш падобна, што гэта ЕС вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі і спрабуе з дапамогай санкцый зняць кіраўніцтва нашай дзяржавы", - падкрэсліў пасол.
Паводле слоў Аляксея Самасуева, няма ніякай узаемасувязі паміж вясеннімі санкцыямі ЕС і раптоўным патокам мігрантаў. Ён падкрэсліў, што на самай справе менавіта Еўрапейскі саюз нясе адказнасць за паток мігрантаў. "Відавочна, што гэта людзі, якія пакідаюць свае дамы ў разбураных краінах. І зразумела, што не Беларусь прымусіла іх зрабіць гэта, а дзяржавы, якія ваявалі ў іх краінах. Ніводнага беларускага салдата не было ў Сірыі, Афганістане, Лівіі, Іраку і гэтак далей", - сказаў дыпламат.
Санкцыі ЕС у адносінах да Беларусі ён назваў нецывілізаванымі. "Крызісу з мігрантамі можна было б пазбегнуць, калі б ЕС не замарозіў сродкі на ўсе нашы з ЕС праекты па ўмацаванні і ахове граніц і стварэнні цэнтраў утрымання пад вартай для нелегальных мігрантаў і бежанцаў", - падкрэсліў Аляксей Самасуеў.-0-