Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 мая 2020, 18:14

Пасяджэнне СМЗС СНД пройдзе 12 мая ў анлайн-фармаце

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Садружнасці Незалежных Дзяржаў адбудзецца 12 мая ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканкама СНД.

Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў краін СНД абмяняюцца думкамі па актуальных тэмах міжнароднага парадку дня, абмяркуюць шырокае кола пытанняў аб далейшым развіцці і паглыбленні супрацоўніцтва па ключавых напрамках.

На пасяджэнні плануецца разгледзець рэалізацыю Плана шматузроўневых кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў у СНД на 2019 г. і зацвердзіць аналагічны план на 2020-ы. У падрыхтаваны праект дакумента традыцыйна ўключаны тэмы, якія датычацца каардынацыі пазіцый дзяржаў Садружнасці ў рамках членства ў ААН, узаемадзеяння з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, інфармацыйнай сферы, процідзеяння новым выклікам і пагрозам, раззбраення, а таксама знешнепалітычнага планавання і кантролю над узбраеннем. Прапанавана правесці кансультацыі па паўночнаамерыканскай і лацінаамерыканскай праблематыцы, спалучэнні інтэграцыйных працэсаў у СНД і ЕАЭС, узаемадзеянні ў сферы экалагічнай дыпламатыі, а таксама ў МАГАТЭ і ЮНЕСКА.

Значная частка дакументаў, уключаных у праект парадку дня пасяджэння СМЗС, датычыцца гуманітарнай сферы. У прыватнасці, будзе разгледжаны праект Стратэгіі міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва на 2021-2030 гады. Прыняцце дакумента дасць магчымасць кансалідаваць намаганні органаў дзяржаўнай улады, маладзёжных грамадскіх і іншых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, органаў галіновага супрацоўніцтва СНД па стварэнні спрыяльных умоў для міжнароднага маладзёжнага ўзаемадзеяння.

Міністры замежных спраў разгледзяць таксама праект Пагаднення аб заснаванні і функцыянаванні Сеткавага ўніверсітэта Садружнасці. Згодна з дакументам, ён будзе ўяўляць сабой сетку адукацыйных арганізацый, аб'яднаных для рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм з выкарыстаннем рэсурсаў арганізацый-партнёраў.

Акрамя таго, на пасяджэнні СМЗС СНД будзе прадстаўлены праект Стратэгіі развіцця супрацоўніцтва ў галіне турызму на 2021-2030 гады. Чакаецца, што дакумент будзе садзейнічаць кансалідацыі намаганняў органаў дзяржаўнай улады краін СНД, нацыянальных турыстычных арганізацый і іншых суб'ектаў турыстычнай індустрыі. Праект Стратэгіі развіцця супрацоўніцтва дзяржаў Садружнасці ў галіне фізкультуры і спорту на 2021-2030 гады, што таксама ўносіцца на разгляд СМЗС, арыентаваны на паглыбленне працэсаў узаемадзеяння, пашырэнне партнёрскіх адносін паміж нацыянальнымі арганізацыямі фізічнай культуры і спорту на прасторы Садружнасці.

Дзяржавы СНД маюць намер развіваць узаемадзеянне ў сферы культуры. У сувязі з гэтым на разгляд СМЗС СНД уносіцца праект Асноўных мерапрыемстваў супрацоўніцтва ў галіне культуры на 2021-2025 гады.

У сілавы блок пытанняў уключаны праект Пагаднення аб супрацоўніцтве краін СНД у процідзеянні карупцыі, прызначанага павысіць эфектыўнасць нацыянальных намаганняў і супрацоўніцтва ў гэтым напрамку. Акрамя таго, на разгляд кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў будуць прадстаўлены дакументы, якія датычацца ўзаемадзеяння ў сферах гуманітарнага размініравання і ўрэгулявання крызісных сітуацый на знешніх граніцах Садружнасці, стварэння сумеснай сістэмы сувязі ўзброеных сіл дзяржаў СНД. Расійская Федэрацыя прапанавала ўнесці ў праект парадку дня пасяджэння СМЗС дадатковае пытанне аб Сумеснай заяве міністраў замежных спраў Садружнасці аб умацаванні ролі міжнароднага права.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі