Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
24 жніўня 2021, 17:56

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Мінску плануецца правесці ў вочным фармаце - Лебедзеў

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Мінску плануецца правесці ў вочным фармаце, пярэчанняў ні ад адной краіны не паступіла. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Мінску сёння збіраюцца на сваю традыцыйную нараду пастаянныя ўпаўнаважаныя прадстаўнікі краін СНД. Як заўсёды, пытанні актуальныя. Гэта далейшае ўзгадненне парадку дня маючых адбыцца пасяджэння Савета міністраў замежных спраў і пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якія плануюцца 14-15 кастрычніка ў Мінску", - сказаў Сяргей Лебедзеў. - Працэс узгаднення знаходзіцца ў завяршальнай стадыі. Мы спадзяёмся, што сёння практычна ўжо ў канчатковым варыянце будуць узгоднены пытанні, якія трэба будзе абмеркаваць міністрам замежных спраў і кіраўнікам дзяржаў СНД. У іх ліку - прыняцце заявы аб 30-годдзі Садружнасці незалежных дзяржаў, усе фармулёўкі якой цяпер адточваюцца і ўзгадняюцца на ўзроўні розных дзяржаўных структур краін Садружнасці. Яна будзе падпісана кіраўнікамі дзяржаў 15 кастрычніка".

Паводле яго слоў, мяркуецца, што кіраўнікі дзяржаў прымуць рашэнне аб наданні малдаўскаму гораду Камрат статусу культурнай сталіцы Садружнасці ў 2023 годзе. "На гэты час усе падтрымалі гэта рашэнне", - расказаў старшыня Выканкама СНД.

Шэраг пытанняў на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў і пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД будуць прысвечаны розным аспектам культурнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў палітычнай і гуманітарнай сферах. "У прыватнасці, міністры замежных спраў абмяркуюць пытанні, якія будуць выносіцца на кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў у наступным годзе, - адзначыў Сяргей Лебедзеў. - Традыцыйна на пасяджэннях чакаецца свабодны абмен думкамі па актуальных пытаннях узаемадзеяння ў рамках СНД. Гэта заўсёды адкрытая і змястоўная размова па актуальных аспектах нашага супрацоўніцтва. Мэта гэтага абмеркавання - павысіць эфектыўнасць дзейнасці Садружнасці незалежных дзяржаў, умацаваць унутраную і знешнюю бяспеку нашых краін, стварыць спрыяльныя ўмовы для эканамічнага развіцця. Пасля гэтых самітаў нас чакае вялікая работа".

Акрамя таго, сёння будзе ўзгоднены ў папярэднім парадку праект маючага адбыцца пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД, што адбудзецца пад старшынствам Беларусі ў Бішкеку 12 лістапада. Пытанні будуць датычыцца ўмацавання эканамічнага ўзаемадзеяння краін СНД.

Савет пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД таксама ўзгодніць кандыдатуру кіраўніка місіі СНД на прэзідэнцкіх выбарах ва Узбекістане 24 кастрычніка. Пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі заслухаюць інфармацыю аб дзейнасці Савета кіраўнікоў дзяржаўных і грамадскіх тэлерадыёарганізацый дзяржаў Садружнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі