Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
20 кастрычніка 2022, 15:16

Парог яўкі на выбарах дэпутатаў у парламент Беларусі прапануецца адмяніць

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі былі абмеркаваны ключавыя навацыі, прапануемыя да замацавання ў выбарчым заканадаўстве. Аб падрабязнасцях чаканых навацый журналістам расказаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Ігара Карпенкі, у цэлым канцэптуальна змяненні ў выбарчае заканадаўства Прэзідэнтам былі падтрыманы. "Зразумела, што яшчэ будзе дэпутацкі корпус працаваць. Хоць ён падключаўся ўжо на этапе распрацоўкі законапраекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Ну, я думаю, што мы правядзём сумесна з дэпутатамі выязныя пасяджэнні профільных камісій і шэраг дыялогавых пляцовак. Хоць мы ўжо гэта таксама рабілі часткова. Вось сёння было даручана правесці абмеркаванне яшчэ з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, палітычных партый. Гэта значыць мы гатовы ў гэтым плане папрацаваць", - сказаў ён.

Ігар Карпенка абазначыў тры асноўныя напрамкі, па якіх будзе ўдасканальвацца выбарчае заканадаўства.

Па-першае, кодэкс прыводзіцца ў адпаведнасць з унесенымі змяненнямі ў Канстытуцыю. Улічваюцца пытанні, якія вынікаюць адсюль. У тым ліку ўключаецца норма аб праве ўдзельнічаць у выбарах грамадзянам, якія знаходзяцца ў следчым ізалятары і ў адносінах да іх яшчэ не вынесены судовы прыгавор.

Акрамя таго, у абноўленым кодэксе знойдзе адлюстраванне шэраг новых патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да кандыдатаў у прэзідэнты і дэпутаты.

Другі блок змяненняў у Выбарчы кодэкс звязаны з навацыямі ў заканадаўстве, якія цяпер паралельна прымаюцца або ўжо замацаваны ў заканадаўчых актах. У прыватнасці, гэта датычыцца законаў аб палітычных партыях, аб грамадзянскай супольнасці, Усебеларускім народным сходзе.

І трэці даволі вялікі блок змяненняў вынікае з аналізу практыкі выбарчых працэсаў як у Беларусі, так і за яе межамі, у тым ліку міжнародных дагавораў, да якіх далучылася Беларусь.

Ігар Карпенка падзяліўся ў гэтым плане некаторымі падрабязнасцямі: "Мы прапануем, калі адзіны дзень галасавання і будуць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў усіх мясцовых саветаў у адзін дзень, у прыватнасці 25 лютага 2024 года, адпаведна, трэба стварыць і пэўныя прававыя нормы, якія далі б магчымасць і камісіям працаваць якасна. Напрыклад, на мясцовых саветах у нас няма парога яўкі выбаршчыкаў. Гэта значыць колькі прыйшло на выбарчыя ўчасткі, ад гэтай колькасці выбралі дэпутатаў. На парламенцкіх выбарах парог яўкі ёсць (патрабуецца ўдзел у галасаванні больш як палавіны выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах. - Заўвага БЕЛТА). Вось мы прапануем гэты парог яўкі зняць. Гэта значыць ураўнаваць гэтыя ўсе выбары для таго, каб і камісіям было прасцей працаваць, і суб'ектам, якія арганізуюць усю гэту дзейнасць".

Яшчэ адна навацыя прапануецца адносна акрэдытацыі наглядальнікаў. Цяпер наглядальнік можа прыйсці і акрэдытавацца для назірання на выбарах нават у дзень галасавання. "Мы прапануем усё ж такі гэта зрабіць да пачатку датэрміновага галасавання. А то атрымліваецца нераўнамерная нагрузка на камісіі. Пакуль камісія дзяжурыць, вывярае спісы, ніхто да яе не прыходзіць, не задае ніякіх пытанняў, не акрэдытуецца. А як толькі пачалі выдаваць бюлетэні (пачалося галасаванне, ідуць людзі, нават часам чарга ўтвараецца, каб атрымаць бюлетэнь), тут прыходзяць людзі і гавораць: "Давайце нас зарэгіструйце, акрэдытуйце наглядальнікамі". Напэўна, гэта таксама несправядліва. Таму калі цябе мэтанакіравана вылучае нейкая арганізацыя, грамадзяне, працоўны калектыў назіраць за выбарамі або рэферэндумам, значыць, паклапаціся загадзя - прыйдзі, акрэдытуйся ў камісіі, азнаёмся, дзе будзе праходзіць галасаванне, пазнаёмся з членамі камісіі", - расказаў Ігар Карпенка.

Ён анансаваў, што на наступным тыдні ЦВК якраз плануе правесці пасяджэнне, дзе адным з пытанняў будзе абмеркаванне чаканых навацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі