ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 29 ліпеня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +26°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 красавіка 2021, 16:30

Парламенцкая дыпламатыя павінна стаць сапраўднай сілай ва ўмацаванні міру і даверу - Андрэйчанка

Уладзімір Андрэйчанка
Уладзімір Андрэйчанка

28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дыпламатыя павінна стаць сапраўднай сілай, якая рэалізуе волю народаў да ўмацавання міру і даверу. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сёння ў час міжпарламенцкай канферэнцыі "Роля парламентарыяў ва ўмацаванні міжнароднага міру і даверу", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Актуальнасць тэмы канферэнцыі не выклікае сумнення. Нягледзячы на тое, што на 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН 2021-ы аб'яўлены Міжнародным годам міру і даверу, мы назіраем рэзкі рост геапалітычнага і геаэканамічнага процістаяння. Разбураецца сістэма міжнародных адносін. Прымяненне санкцый стала звычайным інструментам палітычнага націску, а двайныя стандарты - элементам шырокамаштабнай інфармацыйнай вайны. Выпрабаванне на трываласць прайшла і Беларусь, якая знаходзіцца на геапалітычным павароце паміж Усходам і Захадам. Многіх не задавольвае самастойны замежнапалітычны курс краіны, нацэленасць на стваральную працу і супрацоўніцтва, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Абапіраючыся на падтрымку абсалютнай большасці грамадзян, мы не дапусцілі і ніколі не дапусцім разгулу экстрэмізму, варожасці і нянавісці на беларускай зямлі. Грамадскі мір і парадак, сацыяльная накіраванасць беларускай дзяржаўнасці будуць і ў далейшым у аснове даверу народа да ўлады. Аб гэтым сведчаць вынікі VI Усебеларускага народнага сходу".

Паводле слоў спікера, відавочна, што далейшы рух па шляху канфрантацыі і ўзрастання міжнароднай напружанасці - гэта тупіковы шлях. Неабходны неадкладныя зладжаныя дзеянні сусветнай супольнасці, усіх разважных палітыкаў, грамадзянскай супольнасці па змяненні існуючага вектара сусветнай палітыкі. "Парламенцкая дыпламатыя павінна ў гэтым плане стаць сапраўднай сілай, якая рэалізуе волю народаў да ўмацавання міру і даверу. Наша задача - прапанаваць пазітыўны парадак дня стваральнай працы супольнасці нацый, што заснавана на прынцыпах роўнасці, сацыяльнай справядлівасці, адкрытасці, даверу і салідарнай адказнасці. Палітыка блокавага процістаяння павінна ўступіць дарогу канцэпцыі інтэграцыі інтэграцый. Пры гэтым самым рашучым чынам павінен гучаць голас малых і сярэдніх краін, якія з'яўляюцца паўнапраўнымі суб'ектамі сусветнай палітыкі, - падкрэсліў ён. - У гэтым плане ўсё большую актуальнасць набывае ініцыятыва Прэзідэнта Беларусі па перазапуску шырокага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам. Лічу, што ўсямерная парламенцкая падтрымка названай ініцыятывы здольна падштурхнуць палітыкаў да больш актыўнага пошуку шляхоў пераадолення крызісу міжнародных адносін, выпрацоўкі стратэгічных рашэнняў па ўмацаванні міру і даверу".

Уладзімір Андрэйчанка дадаў, што прыярытэтным напрамкам забеспячэння глабальнай бяспекі з'яўляецца таксама супрацоўніцтва па выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій. "Рэспублікай Беларусь агучана прапанова аб фарміраванні пояса лічбавага добрасуседства. Ключавымі элементамі пагадненняў у гэтай сферы маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нэўтралітэту. Заклікаю ўсіх парламентарыяў далучыцца да разгляду ініцыятывы аб магчымасці правядзення парламенцкай канферэнцыі па гэтай тэматыцы", - заявіў ён.

Спікер нагадаў, што ў бягучым годзе спаўняецца 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "Наш святы абавязак - аддаць даніну памяці мільёнам людзей, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам. Нельга дапусціць фальсіфікацыі гісторыі, рэабілітацыі і гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых і, самае галоўнае - нельга забыць урокі гісторыі. Важнейшым з іх з'яўляецца разуменне таго, што толькі аб'яднаныя намаганні сусветнай супольнасці здольны вырашаць ключавыя пытанні сусветнай палітыкі. Шчыра спадзяюся, што і цяпер у няпростых умовах, прытрымліваючыся літары і духу Статута ААН, пры актыўным удзеле парламенцкай дыпламатыі, мы зможам аднавіць давер і сканцэнтраваць намаганні на вырашэнні актуальных праблем сучаснасці. Альтэрнатывы такому падыходу няма", - сказаў на заканчэнне Уладзімір Андрэйчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі