Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
25 студзеня 2023, 15:19

Парламент Расіі завяршыў ратыфікацыю пагаднення з Беларуссю аб узаемным прызнанні віз

25 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Савет Федэрацыі - верхняя палата парламента Расіі - сёння на пленарным пасяджэнні ратыфікаваў беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

17 студзеня гэта пагадненне было ратыфікавана Дзярждумай Расіі. Такім чынам, расійскім парламентам завершаны ратыфікацыйныя працэдуры па дакуменце. Цяпер ён паступіць на подпіс прэзідэнту РФ.

Пагадненне было падпісана ў Мінску 19 чэрвеня 2020 года. Ініцыятарам яго заключэння стаў расійскі бок. Беларусь завяршыла ратыфікацыю ў снежні 2020 года.

Мэтай пагаднення з'яўляецца стварэнне прававой базы для ўрэгулявання парадку перасячэння замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства беларуска-расійскай граніцы.

Прадстаўляючы дакумент у верхняй палаце, член Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Алена Афанасьева паведаміла, што пагадненне дае права замежным грамадзянам уязджаць, выязджаць, знаходзіцца, ехаць транзітам па тэрыторыі Беларусі і Расіі на падставе візы адной з дзвюх дзяржаў і дакументаў, што засведчваюць асобу.

Плануецца, што для рэалізацыі пагаднення будзе створана сістэма інфармацыйнага абмену паміж бакамі аб выдадзеных і ануляваных дазволах на ўезд і знаходжанне, а таксама перасячэнне граніц Беларусі і Расіі ў пунктах пропуску. Таксама прадугледжваецца, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць дазвол на часовае пражыванне, пасведчанне на права жыхарства альбо дакумент для наведвання міжнароднага спартыўнага мерапрыемства аднаго боку і дакумент, што засведчвае асобу, маюць права ўязджаць, выязджаць, знаходзіцца, ехаць транзітам па тэрыторыі дзяржавы іншага боку на працягу тэрміну дзеяння названых дакументаў.

Чакаецца, што пагадненне ўступіць у сілу з 1 лютага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі