Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 красавіка 2019, 09:42

Падагульняючая дэкларацыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ заснавана на ўзаемных інтарэсах - Пірштук

30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску прынята падагульняючая дэкларацыя II Міжнароднай парламенцкай канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай асамблеі АБСЕ "Адзін пояс і адзін шлях: паглыбленне супрацоўніцтва ў імя ўстойлівага развіцця і працвітання", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як растлумачыў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, у падагульняючай дэкларацыі абазначаны намеры і напрамкі работы, якія маюць узаемны інтарэс для краін з Групы падтрымкі Шаўковага шляху. У дакуменце, паводле слоў віцэ-спікера, няма ўмоў - ён заснаваны на добрай волі дзяржаў.

Баляслаў Пірштук адзначыў, што ўзнятыя на міжнароднай парламенцкай канферэнцыі ў Мінску тэмы сугучныя з тымі, што закраналіся на мінулым тыдні на II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях" у Пекіне. Два гэтыя мерапрыемствы прайшлі, што называецца, ва ўнісон, і агучаныя на вышэйшым узроўні ініцыятывы і прапановы будуць замацоўвацца ў парламенцкім вымярэнні, заканадаўстве, сказаў віцэ-спікер.

Ён звярнуў увагу, што ў канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі краін, якія не з'яўляюцца членамі Групы падтрымкі Шаўковага шляху. І гэта сведчыць аб росце інтарэсу да яе дзейнасці і развіцця супрацоўніцтва ў рэгіёне, перакананы намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Першая канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ адбылася ў сакавіку 2018 года ў Азербайджане. Мэта Мінскага мерапрыемства заключалася ў тым, каб максімальна поўна прадставіць эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял Беларусі як важнага звяна эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Удзельнікі мінскай канферэнцыі - парламентарыі і прадстаўнікі дзелавых колаў з Аўстрыі, Азербайджана, Італіі, Кыргызстана, Манголіі, Расіі, Сербіі, Турцыі, Швейцарыі. Група падтрымкі Шаўковага шляху створана ў 2017 годзе на 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Мінску.

Дзейнасць групы ў рамках ПА АБСЕ накіравана на пашырэнне сфер супрацоўніцтва і ўмацаванне палітычных, эканамічных і культурных сувязей паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі. Група адыгрывае ролю платформы, якая садзейнічае ўзаемавыгадным эканамічным і гандлёвым сувязям з дапамогай развіцця транспартных калідораў, мер па спрашчэнні перавозак і гандлёвых працэдур, садзейнічання свабоднаму і бяспечнаму перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і інвестыцый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі