Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 ліпеня 2021, 16:39

Нават у парламенцкіх структурах АБСЕ ў абмеркаваннях расце градус канфрантацыйнасці - Савіных

6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) сёння ўдзельнічае ў пленарным пасяджэнні 29-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння фактычна Парламенцкая асамблея АБСЕ завяршае сваю работу. Выкананы практычна ўвесь парадак дня, абмеркавана работа спецыяльных камітэтаў, закрануты пытанні, якія сапраўды актуальныя і ўяўляюць значны інтарэс для ўсіх дзяржаў - членаў АБСЕ. Гэта і добрасуседства ў сферы ІТ-тэхналогій, барацьба з тэрарызмам, распаўсюджваннем наркотыкаў і шмат іншага, - расказаў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. - Вядома, ёсць і супярэчлівыя сітуацыі, калі на разгляд Парламенцкай асамблеі выносяцца рэзалюцыі некансэнсуснага характару. Так, напрыклад, учора на пасяджэнні пастаяннага камітэта былі адхілены па правілах працэдуры некалькі рэзалюцый, якія былі ўнесены ў апошні момант, але ў парушэнне працэдурных правіл. У прыватнасці, адна з іх датычылася і Рэспублікі Беларусь. Тым не менш аўтары гэтай рэзалюцыі хочуць вярнуцца да яе разгляду, выкарыстоўваючы зноў жа іншыя правілы працэдуры. Сёння мы гэтыя пытанні будзем абмяркоўваць".

Парламентарый падкрэсліў: "Са шкадаваннем даводзіцца канстатаваць, што ў абмеркаваннях расце градус канфрантацыйнасці нават у рамках парламенцкіх структур. Хоць першапачаткова мы заўсёды ганарыліся тым, што парламенцкія структуры створаны для пошуку ўзаемаразумення і мастоў, якія маглі б аб'яднаць нацыі і дзяржавы".

"Будзем агучваць сваю праблематыку знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь, беспрэцэдэнтны націск з боку краін - удзельніц АБСЕ ў тым ліку, - адзначыў член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Дзяніс Карась. - Цяпер ёсць неабвержныя факты ў супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі аб знешнім умяшанні ва ўнутраныя справы і фінансавання так званай апазіцыі, якая знаходзіцца цяпер за мяжой для таго, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі".

Паводле слоў парламентарыя, гэта недапушчальна. "Тым не менш, бачачы, што адбываецца па прыкладзе таго ж самага разгону мірных дэманстрацый у Нідэрландах. Людзі ўсяго толькі выйшлі выказаць сваю незадаволенасць супраць кавідных мер. У выніку атрымалі жорсткі разгон. І вось яны вучаць нас, як трэба паводзіць сябе і як абараняць свой суверэнітэт, - заявіў ён. - Па сутнасці, ідзе вайна - гэта адзін з відаў гібрыдных войнаў, які ідзе па сцэнарыі аранжавых рэвалюцый".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі