Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 студзеня 2019, 13:36

Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці пройдзе ў Мінску 24 студзеня

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці збярэ 24 студзеня ў Мінску прадстаўнікоў усіх зацікаўленых груп, якія працуюць над рэалізацыяй МУР у Беларусі, а таксама міжнародных партнёраў, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Плануецца, што гэты форум стане першай спробай фарміравання пляцоўкі для рэгулярнага і ўсебаковага абмеркавання пытанняў дасягнення МУР з удзелам усіх уключаных у гэты працэс.

У фармаце пленарных і панэльных сесій пад кіраўніцтвам мадэратараў з ліку кіраўнікоў ключавых міністэрстваў прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, парламента, грамадскіх аб'яднанняў, дзелавых і акадэмічных колаў змогуць абмяняцца думкамі і агучыць свае прапановы па далейшай рабоце ў галіне МУР і неабходных мерах для яе ўдасканалення, намеціць арыенціры на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектывы.

У прыватнасці, будуць разгледжаны рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года і падрыхтоўка Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Дадзена ацэнка гатоўнасці Беларусі да маніторынгу дасягнення МУР, арганізацыі работы ў рэгіёнах. Паколькі плануецца ўдзел і міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў устаноў сістэмы ААН, то асобная ўвага будзе ўдзелена імплементацыі Беларуссю рэкамендацый экспертаў ААН (місія MAPS) па паскарэнні дасягнення МУР і ўзаемадзеянні з міжнароднымі партнёрамі.

Па выніках мерапрыемства плануецца падрыхтоўка рэкамендацый, якія будуць выкарыстоўвацца Саветам па ўстойлівым развіцці ў рабоце, а ў выпадку неабходнасці накіраваны ў парламент і ўрад для прапрацоўкі. Таксама яны могуць быць прадстаўлены на палітычным форуме ААН высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці.

Мерапрыемства арганізуецца Нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР, Міністэрствам замежных спраў пры падтрымцы прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

У 2015 годзе дзяржавы - члены ААН прынялі парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, які ўключае ў сябе спіс з 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР). Яны накіраваны на ліквідацыю беднасці і голаду, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі. Парадак дня-2030 - гэта комплексная стратэгія павышэння якасці жыцця людзей, развіцця і спажывання без шкоды для будучых пакаленняў. Усе 17 мэт адаптуюцца і для Беларусі. Над гэтым працуюць Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, Савет па ўстойлівым развіцці (куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх дзяржорганаў), партнёрская і іншыя групы, грамадзянская супольнасць і міжнародныя арганізацыі. Усе іх прапановы будуць адлюстраваны ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Праграмныя дакументы, заканадаўчыя акты таксама будуць абапірацца на мэты Парадку дня-2030.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі