
2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пракаменціравалі прыпыненне работы пасольства ЗША ў Мінску і чарговую порцыю санкцый. Адпаведныя заявы зрабіў БЕЛТА прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
"У той час як беларускі бок прыкладае паслядоўныя намаганні па нармалізацыі сітуацыі ва Украіне, у тым ліку аказваючы ўсебаковае садзейнічанне арганізацыі расійска-ўкраінскіх мірных перагавораў, афіцыйны Вашынгтон прадаўжае нагнятаць абстаноўку ў рэгіёне і тыражаваць фэйкі для апраўдання новых санкцыйных мер у адносінах да Рэспублікі Беларусь", - сказаў Анатоль Глаз.
"Яшчэ раз падкрэсліваем тое, аб чым неаднаразова заяўляў беларускі бок: наша краіна не прымала, не прымае і не плануе прымаць удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, - заявіў прадстаўнік МЗС. - У логіку нікому непатрэбнага цяпер нагнятання ўкладваецца і рашэнне амерыканскага боку аб прыпыненні работы пасольства ЗША ў Мінску: на фоне заяў аб неабходнасці дээскалацыі і падтрымання адкрытымі каналаў для дыялогу, на справе гэтыя каналы закрываюцца, каб яшчэ больш ускладніць любую камунікацыю, у тым ліку і па практычных пытаннях, уключаючы тэматыку бяспекі ў рэгіёне".
У МЗС Беларусі чарговы раз нагадваюць усім ініцыятарам увядзення абмежавальных мер, што любыя санкцыйныя выпады не застануцца без адэкватнага адказу. "І гэта нашкодзіць усім. Адзіным ключом да разрадкі напружанасці і дасягнення ўзаемаразумення з'яўляецца раўнапраўны і паважлівы дыялог", - падкрэсліў прэс-сакратар.-0-