
9 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Канфлікт ва Украіне толькі на карце выглядае лакальна, ён выкарыстоўваецца Захадам для глабальнага процістаяння. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік у звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі "Калектыўная бяспека ў новую эпоху: вопыт і перспектывы АДКБ", якая праходзіць сёння ў Маскве на пляцоўцы міжнароднага дыскусійнага клуба "Валдай" пры падтрымцы МЗС Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Зварот намесніка кіраўніка МЗС агучыў пастаянны і паўнамоцны прадстаўнік Беларусі пры АДКБ Вячаслаў Раменчык.
"Канфлікт ва Украіне толькі на карце выглядае лакальным. Сёння гэта поле, дакладней прычына, для глабальнага палітычнага процістаяння", - падкрэсліваецца ў звароце Сяргея Алейніка.
Ён канстатаваў, што шэраг краін - членаў НАТА актыўна ўзбройвае паўднёвую суседку Беларусі, робіцца гэта нібы ў рамках падрыхтоўкі да адбіцця так званай расійскай агрэсіі. "Адначасова на нашых заходніх граніцах адбываецца нарошчванне сіл і сродкаў альянсу, мадэрнізуецца ваенная інфраструктура, растуць інтэнсіўнасць і маштабы мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі краін - членаў НАТА на еўрапейскім кантыненце. Так, за апошні год колькасць вучэнняў кааліцыйных фарміраванняў краін - членаў альянсу вырасла больш як у тры разы", - адзначыў намеснік кіраўніка МЗС Беларусі.
На яго думку, сітуацыя ў свеце і рэгіёнах адказнасці АДКБ патрабуе максімальнай канцэнтрацыі. "Мы з'яўляемся сведкамі прагрэсіруючага разбурэння сістэмных асноў міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, - адзначыў Сяргей Алейнік. - Давер выцясняецца канфрантацыяй, дыялог - абвінаваўчай рыторыкай. Міжнародныя інструменты ў галіне кантролю над узбраеннямі і мер умацавання даверу і бяспекі прадаўжаюць дэградаваць. На гэтым фоне ў Еўропе раскручваецца спіраль гонкі ўзбраенняў".-0-