
10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрства замежных спраў Беларусі сёння быў выкліканы пасол Украіны Ігар Кізім, якому быў заяўлены рашучы пратэст у сувязі з інцыдэнтам ва ўкраінскім горадзе Днепр, дзе па рашэнні мэра горада Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь быў заменены на іншую сімволіку. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
"Да ўкраінскага боку было даведзена, што ў Беларусі разглядаюць гэту цынічную праяву недружалюбных адносін да суверэннай нацыі як акт дзяржаўнага вандалізму, які грубым чынам парушае асноўныя прынцыпы міжнароднага права - прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў і прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, - а таксама нормы міжнародных адносін, прынятыя ў цывілізаваным свеце, дыпламатычнай і пратакольнай практыцы", - падкрэслілі ў міністэрстве.
Пасол быў папярэджаны аб тым, што ў выпадку невыканання агучаных на сустрэчы патрабаванняў беларускі бок пакідае за сабой права прыняць далейшыя суразмерныя крокі.-0-