
21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Патрэбны новыя падыходы ў аналізе беспрэцэдэнтных пагроз і выклікаў з еўра-атлантычнага напрамку, прычым з пункту гледжання кіравання гэтымі рызыкамі, а яшчэ лепш іх папярэджання. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, выступаючы 21 чэрвеня на пасяджэнні беларуска-расійскага экспертнага трэка ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы можам без стомы дэбатаваць над тэрмінам "шматвектарнасць", бачачы ў ім адкрытыя і схаваныя сэнсы і задумы. Але так званы калектыўны Захад нікуды не дзенецца сам па сабе, гэта наш сусед. І ніхто сёння не ведае, у чыёй арбіце гэты калектыўны Захад будзе праз 10, 20, 30 гадоў", - падкрэсліў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства.
"Я спадзяюся на разважлівасць калі не цяперашніх, то будучых еўрапейскіх эліт, - дадаў ён. - Таму нават на фоне разбурэння амаль усёй інстытуцыянальнай архітэктуры адносін і бяспекі ў Еўропе і тэндэнцыі па пераносе цэнтра цяжару сусветнай палітыкі з Еўропы ў Азію, як бачыцца, для нас значэнне Еўропы застаецца высокім, значным".
Звяртаючыся да экспертаў, Юрый Амбразевіч адзначыў: "На бягучым этапе хацелася б бачыць аналіз беспрэцэдэнтных пагроз і рызык з еўра-атлантычнага напрамку, прычым з пункту гледжання кіравання гэтымі рызыкамі, а яшчэ лепш іх папярэджання. Тут патрэбны новыя ідэі і падыходы".
На яго думку, патрэбны спосабы захаваць камунікацыю і ўзаемадзеянне з тымі ў заходніх краінах, хто вяртаецца ў рэальнае жыццё і гатовы думаць стратэгічна.
Эксперты Беларусі і Расіі 21-22 чэрвеня праводзяць абмеркаванне актуальных тэм сучаснасці на пляцоўцы МЗС Беларусі.-0-