Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 красавіка 2022, 16:26

МЗС: Беларусь запрашае Літву да адкрытага дыялогу па ўсіх пытаннях адносна літоўскіх ядзерных праектаў

29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь запрашае Літву да прафесійнага і адкрытага дыялогу па ўсіх існуючых у беларускага боку пытаннях адносна літоўскіх ядзерных праектаў. Гэта адзначыў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"У Літвы сур'ёзныя складанасці з вывадам Ігналінскай АЭС і спадарожным абыходжаннем з ядзерным палівам і радыеактыўнымі адходамі. Гэта ні для каго не сакрэт, - падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства. - Уявіце, за апошні час на пляцоўцы Ігналінскай АЭС у прамысловую эксплуатацыю ўведзены тры новыя ўстаноўкі - прамежкавае сховішча адпрацаванага ядзернага паліва, комплекс па атрыманні цвёрдых радыеактыўных адходаў МІ-1 і комплекс па атрыманні цвёрдых радыеактыўных адходаў МІ-2, МІ-3".

"Пры гэтым усе такія работы праводзяцца тайна, з ігнараваннем патрабаванняў асноватворных міжнародных дакументаў у гэтай сферы. Гэта не жарт. Літоўскі бок наперакор базавым нормам такой аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, як МАГАТЭ, ужо больш за 15 гадоў проста не дапускае на пляцоўку Ігналінскай АЭС ключавыя місіі агенцтва, напрыклад, місію SEED для ацэнкі бяспекі пляцоўкі, дызайну сховішча адпрацаванага ядзернага паліва і комплексу па абыходжанні і захоўванні радыеактыўных адходаў. Не дапускае і місію OSART для ацэнкі бяспекі Ігналінскай АЭС у працэсе яе вываду з эксплуатацыі", - прадоўжыў Анатоль Глаз.

"Больш таго, Літва не прытрымліваецца рэкамендацый еўрапейскіх рэгулятараў, якія датычыліся аналізу бяспекі Ігналінскай АЭС", - заўважыў ён.

Беларускі бок занепакоены і тым фактам, што Літва не з'яўляецца ўдзельнікам Пратакола да Венскай канвенцыі аб грамадзянскай адказнасці за ядзерны ўрон. Беларусь не раз заклікала яе далучыцца да гэтага базіснага міжнароднага пагаднення. Пакуль безвынікова.

"Таму ўсё гэта - будаўніцтва ядзерных могільнікаў непасрэдна каля граніцы Рэспублікі Беларусь, доўгачасовае захоўванне апрамененага ядзернага паліва на пляцоўцы без кантайнмента не могуць не выклікаць у нас заканамерных апасенняў, - падкрэсліў прэс-сакратар МЗС. - Мы запрашаем Літву да прафесійнага і адкрытага дыялогу па ўсіх пытаннях, якія ёсць у беларускага боку, адносна літоўскіх ядзерных праектаў і чакаем, што яна на справе пацвердзіць дэкларуемае ёю адказнае стаўленне да забеспячэння ядзернай бяспекі ў рэгіёне".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі