Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 чэрвеня 2021, 18:06

МЗС аб'явіла аб мерах Беларусі ў адказ на санкцыі ЕС

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэс-служба Міністэрства замежных спраў распаўсюдзіла заяву, у якой пералічаны меры ў адказ, прынятыя Беларуссю ў сувязі з уведзенымі Еўрапейскім саюзам санкцыямі, паведамляе БЕЛТА.

"У сувязі з беспрэцэдэнтнымі абмежавальнымі мерамі ў адносінах да Беларусі" сёння ў МЗС быў выкліканы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Дзірк Шубель. "Паслу Еўрапейскага саюза была заяўлена цвёрдая пазіцыя беларускага боку аб абсалютнай непрымальнасці прымянення санкцый як інструмента націску на суверэнную і незалежную дзяржаву. Дыпламату даведзена інфармацыя аб канкрэтных кроках у рамках вымушанага рэагавання на дзеянні, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы Беларусі і наносяць прамы ўрон яе эканоміцы і грамадзянам", - гаворыцца ў заяве.

Як праінфармавалі ў МЗС, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЕС адклікаецца ў Мінск для кансультацый. Кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі таксама прапанавана выехаць у Брусель для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый.

"Акрамя таго, у парадку ў адказ будзе забаронены ўезд у Беларусь прадстаўнікам еўраструктур і асобам з краін Еўрапейскага саюза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мер", - паведамляецца ў заяве МЗС.

Беларусь таксама прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства" і запускае працэдуру прыпынення дзеяння пагаднення з ЕС аб рэадмісіі.

Беларускі бок таксама прадаўжае выпрацоўку іншых мер рэагавання, у тым ліку эканамічнага характару. "Мы спадзяёмся, што службовыя асобы ЕС і яго дзяржаў-удзельніц усведамляюць стратнасць і бесперспектыўнасць рашэнняў аб прымяненні сілавога падыходу ў адносінах з Беларуссю. Прапановы беларускага боку аб развіцці дыялогу, узаемадзеяння і супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам на аснове прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемнай павагі застаюцца ў сіле", - звярнулі ўвагу ў МЗС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі