Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 красавіка 2019, 13:57

Мясніковіч: у Беларусі ёсць умовы для перадачы пэўных паўнамоцтваў на месцы

30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ёсць умовы для эвалюцыйнай дэцэнтралізацыі і перадачы пэўных паўнамоцтваў на месцы. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры верхняй палаце парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасяджэнне савета, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы, прысвечана ўдасканаленню заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе пытанні мясцовага самакіравання, у мэтах устойлівага развіцця тэрыторый. "Цяпер ёсць умовы для эвалюцыйнай дэцэнтралізацыі і перадачы пэўных паўнамоцтваў на месцы непасрэдна органам мясцовага самакіравання. Вядома, гэтыя структуры трэба ўмацоўваць і ўдасканальваць іх дзейнасць з улікам перадавога міжнароднага вопыту", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Беларуская сістэма органаў мясцовага самакіравання ўключае ў сябе мясцовыя Саветы дэпутатаў і органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Іх кампетэнцыя вызначана законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. На думку Міхаіла Мясніковіча, палажэнні гэтага закона, у тым ліку яго арт.3 "Асноўныя прынцыпы мясцовага кіравання і самакіравання", актуальныя, тым не менш маюць патрэбу ў практычным напаўненні, канкрэтызацыі. У мясцовых Саветаў дэпутатаў дастаткова шырокая кампетэнцыя для вырашэння пытанняў мясцовага жыцця. Так, паводле Канстытуцыі, у іх выключнай кампетэнцыі - зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, мясцовых бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні, устанаўленне мясцовых падаткаў і збораў, назначэнне мясцовых рэферэндумаў і іншае.

Старшыня Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Андэрс Кнапэ'

Разам з тым, як падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч, ёсць неабходнасць узмацніць ролю мясцовага кіравання і самакіравання пры вырашэнні лакальных задач, каб прадастаўленыя заканадаўствам правы і паўнамоцтвы выкарыстоўваліся ў поўнай меры. "Трэба эфектыўней вырашаць вострыя праблемы, а галоўнае - працаваць над іх папярэджаннем, больш адчувальна ўплываць на кіраванне эканамічным і сацыяльным развіццём падведамных тэрыторый. Гэта значна ўмацуе давер людзей да органаў мясцовага кіравання і самакіравання", - упэўнены ён.

У Беларусі зыходзяць з таго, што рэальнае самакіраванне служыць адной з базавых умоў фарміравання сучаснай грамадзянскай супольнасці і стварае перадумовы ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця і палітычнай стабільнасці ў дзяржаве.

"У нас ёсць адпаведнае заканадаўства, веды, пэўны вопыт і палітычная воля развіваць гэты важны напрамак дзейнасці. Пры гэтым мы з павагай ставімся да замежных поспехаў і зацікаўлены ў іх перайманні. Беларусь не далучылася да Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання. Але, лічу, што гэта справа часу. Мы падзяляем фундаментальныя прынцыпы гэтага дакумента - не дэкларатыўна, а практычнай дзейнасцю", - звярнуў увагу Міхаіл Мясніковіч.

Ён адзначыў, што 29 красавіка кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Андэрсам Кнапэ падкрэсліў, што Беларусь адкрыта для ўкаранення перадавога вопыту, цэніць гатоўнасць да дыялогу, але пакідае за сабой права прымаць тыя рашэнні, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі