Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 снежня 2019, 15:58

Мядзведзеў: Расіі трэба даражыць інтэграцыяй з Беларуссю і рабіць усё, каб гэтыя працэсы захаваліся

5 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Расіі трэба даражыць інтэграцыяй з Беларуссю і рабіць усё, каб інтэграцыйныя працэсы захаваліся. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў сёння ў прамым тэлеэфіры ў час інтэрв'ю вядучым расійскім тэлеканалам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзмітрый Мядзведзеў упэўнены, што Саюзная дзяржава - гэта вялікая каштоўнасць. "Мы часта адзін з адным спрачаемся і крыўды нейкія выказваем, асабліва ў эмацыянальным парыве гэта адбываецца, але аб'ектыўна ўзровень інтэграцыі паміж нашымі краінамі вельмі высокі", - сказаў ён. У якасці прыкладу расійскі прэм'ер-міністр прывёў даныя аб гандлі Расіі з ЗША і Беларуссю: са Штатамі ўзровень тавараабароту складае каля $25 млрд, з Беларуссю - $35 млрд. "Беларусь, невялікая адносна краіна, паказвае, наколькі мы інтэграваны. Нам трэба гэтым даражыць, нам трэба зрабіць усё, каб інтэграцыя захавалася", - падкрэсліў Дзмітрый Мядзведзеў.

Гаворачы аб падпісаным 20 гадоў таму Дагаворы аб стварэннi Саюзнай дзяржавы, прэм'ер-міністр РФ ахарактарызаваў дакумент як добрую нарматыўную базу для развіцця адносін яшчэ на гады наперад. "Але ўсё змянілася: мы змяніліся, Беларусь змянілася, і нам трэба паглядзець, што працуе, а што не працуе, што вытрымала праверку часам, а што не вытрымала", - заўважыў ён.

У той жа час Дзмітрый Мядзведзеў лічыць, што любая інтэграцыя - гэта частковае змяншэнне суверэнітэту. "Мы таксама свой суверэнітэт зменшылі, калі аб'ядналіся ў Еўразійскі саюз, аддалі частку сваіх паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень, - сказаў ён. - Таму любая інтэграцыя - гэта змяншэнне суверэнітэту, тое ж адбылося і ў Еўрапейскім саюзе".

У ліку складаных тэм у двухбаковых адносінах Дзмітрый Мядзведзеў назваў энерганосьбіты і цэны на іх. "Але я ўпэўнены, што развязкі тут можна знайсці і на ўзроўні ўрада, і на прэзідэнцкім узроўні, калі гэта спатрэбіцца", - сказаў ён.

Кіраўнік расійскага ўрада пацвердзіў, што 6 снежня адбудзецца яго сустрэча з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам. "Будзем абмяркоўваць стан інтэграцыі, - паведаміў Дзмітрый Мядзведзеў. - У суботу прыедзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, ужо будзе весці размову з Прэзідэнтам нашай краіны. І ўрады, зразумела, таксама будуць у гэтым удзельнічаць".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі