ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 28 студзеня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
09 снежня 2019, 17:21

Мінскія пагадненні застаюцца адзіным рычагом урэгулявання сітуацыі ў Данбасе - палітолаг

Юрый Шаўцоў. Фота з архіва
Юрый Шаўцоў. Фота з архіва

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскія пагадненні застаюцца адзіным рычагом урэгулявання сітуацыі ў Данбасе. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам палітолаг Юрый Шаўцоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Эксперт падкрэсліў, што пытанне аб адмене мінскіх пагадненняў не стаіць, яны будуць і далей выконвацца. "Гэта адзіны рычаг урэгулявання сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Менавіта мінскія пагадненні спынілі актыўную фазу вайны ў Данбасе. Альтэрнатывы ім пакуль няма, і не стаіць пытанне аб тым, каб яе шукаць. Размова ідзе аб развіцці мінскіх пагадненняў", - сказаў Юрый Шаўцоў.

Наконт сустрэчы лідараў краін "нармандскай чацвёркі", якая павінна прайсці сёння ў Парыжы, палітолаг адзначыў, што не чакае гучных заяў і рашучых крокаў. Падобны пункт гледжання выказаў заснавальнік і дырэктар Савета па міжнародных адносінах "Мінскі дыялог" Яўген Прэйгерман. Паводле яго слоў, празмернага аптымізму наконт гэтай сустрэчы адчуваць не трэба. "Аднак цяпер з'явілася надзея, што праз серыю такіх сустрэч, у тым ліку праз узгадненне механізма пашырэння зоны развядзення сіл і сродкаў, абмену палоннымі, можна будзе рабіць нейкія крокі наперад", - лічыць ён.

Мінулы раз кіраўнікі краін "нармандскай чацвёркі" - Германіі, Расіі, Украіны і Францыі - збіраліся ў беларускай сталіцы чатыры гады таму. "Лідары не збіраюцца, калі няма калі не прарыву, то хаця б нейкага руху наперад. Аднак гэта не значыць, што ўвесь гэты час ніякай работы не вялося. Галоўны механізм рэалізацыі мінскіх пагадненняў - трохбаковая кантактная група. Ёй удалося дабіцца пазітыўных вынікаў, асабліва ў апошнія месяцы", - нагадаў Яўген Прэйгерман.

Абодва палітолагі таксама сышліся на думцы, што для Беларусі ўрэгуляванне канфлікту ў Данбасе - стратэгічнае пытанне, улічваючы працягласць сумеснай з Украінай граніцы і важнасць палітычных, гандлёва-эканамічных сувязей. Канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны - самая вялікая праблема еўрапейскай бяспекі, і не выпадкова бакі імкнуцца не дапусціць яго эскалацыі.

Удзельнікі трохбаковай кантактнай групы 5 верасня 2014 года падпісалі ў Мінску пратакол аб пачатку мірнага працэсу ва Украіне. Лідары краін "нармандскай чацвёркі" 11-12 лютага 2015 года пасля 16-гадзінных перагавораў прыйшлі да дамоўленасці аб спыненні агню ў Данбасе. У іх прысутнасці быў падпісаны комплекс мер па выкананні мінскіх пагадненняў. Гэта дало магчымасць знізіць інтэнсіўнасць баявых дзеянняў ва Украіне і выратаваць чалавечыя жыцці па абодва бакі процістаяння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі