Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Мінская перагаворная пляцоўка садзейнічае разбурэнню недаверу бакоў - прадстаўнік Украіны

Палітыка 29.01.2019 | 16:02

29 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Мінская перагаворная пляцоўка садзейнічае разбурэнню недаверу бакоў у пытанні ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Аб гэтым сёння заявіў журналістам прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па мірным урэгуляванні сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях Яўген Марчук пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прадстаўнік Украіны адзначыў, што цяпер існуе меркаванне, што мінскі фармат засеў і страціў сваю эфектыўнасць. "Ёсць падставы так гаварыць", - лічыць Яўген Марчук. Разам з тым ён падкрэсліў, што мінскі працэс - гэта адзіная пляцоўка, дзе можна дамаўляцца. Прадстаўнік Украіны адзначыў, што акрамя тых або іншых ваенных аспектаў на сустрэчах абмяркоўваюцца і многія канкрэтныя пытанні, звязаныя з жыццём насельніцтва на Данбасе, у тым ліку ў сферах водазабеспячэння, падтрымання і рамонту інфраструктуры, транспарту, выплаты пенсій.

"Многіх не цікавяць пытанні гуманітарнага, чалавечага характару, а без іх практычна нідзе не адбывалася ўрэгуляванне, - звярнуў увагу Яўген Марчук. - Калі ідзе вайна, паміж бакамі ўзрастае вялікі недавер. А гэта значыць, што вельмі складана дамаўляцца. Таму нават маленькія дамоўленасці, якія адбыліся, яны па міліметры разбураюць велізарны вал недаверу".

У той жа час ёсць і значныя дамоўленасці, якія ўжо рэалізаваны. "Дамовіліся зняць з перадавой лініі самую страшную рэактыўную артылерыю, гарматы вялікіх калібраў. Сапраўды, іх няма на перадавой. Не дай бог, калі б цяпер на перадавой стаяла ўсё, што было ў 2014 годзе, - прастрэльваліся б тылы адзін аднаго на 120 км у адзін і другі бакі. Гэтага няма - дамовіліся. Хоць ёсць там свае праблемы", - прывёў прыклад прадстаўнік Украіны.

Яўген Марчук расказаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі акрамя непасрэдна беларуска-ўкраінскіх адносін размова ішла аб сітуацыі на ўсходзе Украіны. "Мы абмяняліся меркаваннямі. Як удзельнік трохбаковай кантактнай групы я выклаў, якія ёсць праблемы, вельмі адчувальныя моманты, асабліва звязаныя са спыненнем агню па ўсёй лініі фронту. І самы адчувальны- гэта, вядома, абмен заложнікамі, хворых на хворых", - сказаў ён.

Наступны раўнд перагавораў пройдзе ў Мінску 30 студзеня. Паводле слоў Яўгена Марчука, на парадку дня непасрэдна кантактнай групы і яе падгруп стаяць галоўным чынам тыя пытанні, якія былі актуальныя і ў ходзе папярэдніх пасяджэнняў. "Тут, на жаль, ёсць некаторая паўтаральнасць. Што датычыцца рабочай групы па бяспецы, нам не ўдаецца пакуль адвесці ад лініі фронту снайперскія групы. Але трэба падкрэсліць, што тое, што ў народзе называецца "Каляднае перамір'е" - дамоўленасць аб рэжыме цішыні, якое было ўзгоднена ў канцы снежня, - яно вельмі істотна паўплывала на інтэнсіўнасць, зменшылася колькасць абстрэлаў", - адзначыў Яўген Марчук.

Акрамя таго, на маючым адбыцца пасяджэнні ў Мінску бакі зноў будуць спрабаваць дасягнуць пагаднення па некаторых пытаннях гуманітарнага характару. Яны датычацца перш за ўсё рамонту і аднаўлення аб'ектаў крытычнай інфраструктуры, якія забяспечваюць нармальнае жыццё дзясяткам людзей у шырокай паласе ўздоўж лініі сутыкнення.

"Такія рэчы, як вада, цяпло, электраэнергія. Сама вайна спарадзіла мноства праблем неваеннага характару. Даводзіцца займацца і такімі справамі. Але першы пункт трохбаковай кантактнай групы на заўтра і рабочай групы па бяспецы - гэта пытанне ўстанаўлення рэжыму цішыні, розныя спосабы, як гэта можна рэалізаваць. Далей - спробы адвядзення ваенных структур па кіламетры ад самой лініі сутыкнення", - расказаў прадстаўнік Украіны.

Ён растлумачыў, што ў адпаведнасці з прыродай такіх канфліктаў мала проста перастаць страляць адзін у аднаго ўсімі відамі ўзбраення, але потым яшчэ неабходна развесці ваенных. "І па ўсёй лініі развесці ніяк не атрымліваецца. Недавер бакоў вельмі вялікі, - заўважыў Яўген Марчук. - Таму вызначана тры ўчасткі. Па двух больш-менш нам удалося развесці, па адным пакуль не атрымліваецца. Цяпер напрацоўваецца па іншых участках. Гэта абавязковая ўмова для нармалізацыі канфлікту такога баявога характару. Калі гэта не зрабіць, то складана рухацца далей".

Яўген Марчук звярнуў увагу і на ролю СМІ ва ўрэгуляванні канфлікту. Гэта звязана з тым, што на пэўным этапе трэба выключыць мову нянавісці ў стасунках палітычных, гаспадарчых, ваенных кіраўнікоў з абодвух бакоў, і гэтаму павінна дапамагаць у тым ліку прэса. "Абавязкова трэба прымусіць пад наглядам міжнародных арганізацый прыглушаць на кіраўніцкім узроўні мову нянавісці. І прэса павінна ў гэтым дапамагаць, таму што людзі заўсёды вельмі эмацыянальныя", - упэўнены прадстаўнік Украіны.

Гаворачы аб мінскай пляцоўцы, ён у цэлым адзначыў камфортную абстаноўку, якую беларускі бок забяспечвае для перагаворнага працэсу: "Мы - украінская частка рабочай групы - адчуваем сябе як дома".-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Палітыка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Работа ўстаноў аховы здароўя ў выхадныя і святочныя дні ў маі У час святочных мерапрыемстваў будуць дзяжурыць медыкі. Службы хуткай медыцынскай дапамогі будуць пераведзены ў рэжым павышанай гатоўнасці.