Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 лютага 2021, 20:00

Мінюст: палітычным партыям, якія выконваюць статуты і заканадаўства, будзе нескладана перарэгістравацца

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палітычным партыям, якія выконваюць статуты і заканадаўства, будзе нескладана перарэгістравацца, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Алена Кірычэнка.

Яна адзначыла, што пытанні адпаведнасці палітычных партый патрабаванням уласных статутаў і заканадаўства вывучаюцца Міністэрствам юстыцыі з кастрычніка 2020 года. У сувязі з гэтым для вывучэння іх дзейнасці партыям былі накіраваны запыты. У прыватнасці, запытаны звесткі, якія датычацца легітымнасці кіруючых органаў, дакументаў, што пацвярджаюць права партый на размяшчэнне па юрыдычных адрасах. Акрамя таго, палітычным партыям накіраваны прапановы па прадастаўленні інфармацыі аб іх агульнай колькасці і колькасці арганізацыйных структур. Міністэрствам юстыцыі таксама прапанавана прыняць меры па перарэгістрацыі членаў і па прывядзенні дзейнасці сваіх арганізацыйных структур у адпаведнасць са статутамі.

"Відавочна, што выкананне гэтых патрабаванняў сведчыць аб гатоўнасці палітычных партый прайсці перарэгістрацыю", - адзначыла Алена Кірычэнка.

Разам з тым яна заўважыла, што ва ўстаноўленыя тэрміны толькі некаторыя палітычныя партыі прадставілі Міністэрству юстыцыі гэту інфармацыю ў поўным аб'ёме, у тым ліку Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Камуністычная партыя Беларусі і Ліберальна-дэмакратычная партыя. Адзінаццаці палітычным партыям былі вынесены пісьмовыя папярэджанні за непрадстаўленне ў тэрмін запытваемай інфармацыі або за неадпаведнасць патрабаванням заканадаўства колькасці партый і іх аргструктур.

"На гэты час Міністэрствам юстыцыі прадаўжаецца работа з палітычнымі партыямі па прывядзенні іх дзейнасці ў адпаведнасць са статутамі і заканадаўствам. Для палітычных партый - гэта, па сутнасці, падрыхтоўка да перарэгістрацыі, - сказала начальнік упраўлення. - Такім чынам, прайсці працэдуру перарэгістрацыі для тых палітычных партый, якія выконваюць у сваёй дзейнасці патрабаванні сваіх статутаў і заканадаўства, будзе нескладана".

Алена Кірычэнка нагадала, што падчас Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству юстыцыі падрыхтаваць прапановы па перарэгістрацыі палітычных партый. Яна таксама адзначыла, што юрыдычная асоба падпадае пад перарэгістрацыю ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі згодна з арт. 47 Грамадзянскага кодэкса Беларусі. Адпаведныя палажэнні ёсць і ў праекце закона "Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў".

Для праходжання перарэгістрацыі палітычных партый неабходна будзе прадставіць у Міністэрства юстыцыі, сярод іншага, інфармацыю аб іх колькасці, колькасці іх арганізацыйных структур, наяўнасці юрыдычнага адраса.

Дзейнасць любой палітычнай партыі павінна адпавядаць заканадаўству краіны, патрабаванням, што прад'яўляюцца да яе работы. Палажэнні, у адпаведнасці з якімі яны павінны ажыццяўляць сваю дзейнасць, замацаваны, галоўным чынам, у законе "Аб палітычных партыях" і датычацца ў тым ліку прынцыпаў, прававой асновы дзейнасці, абмежаванняў, спосабаў дзейнасці, членства, колькасці, прадастаўлення інфармацыі аб прадаўжэнні сваёй дзейнасці і г.д.

Што датычыцца законапраекта "Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў", ён абмяркоўваўся з прадстаўнікамі партый і грамадскіх аб'яднанняў у межах спецыяльна створанай рабочай групы, было праведзена грамадскае абмеркаванне праекта. "Палажэнні законапраекта былі ў цэлым станоўча ўспрыняты прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці", - дадала начальнік упраўлення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі