Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
18 жніўня 2021, 13:54

Міклашэвіч: парадак фарміравання УНС абмяркуюць на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі з удзелам Прэзідэнта

18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парадак фарміравання Усебеларускага народнага сходу абмяркуюць на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі з удзелам Прэзідэнта. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Канстытуцыйнага суда, старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ужо адбылося шэсць Усебеларускіх народных сходаў. На УНС было шырокае прадстаўніцтва як дэпутацкага корпуса, так і грамадска-палітычных сіл. Закон рэгламентуе права вылучэння і ад партый, і ад грамадскіх арганізацый. Усебеларускі народны сход выступаў у якасці дарадчага органа, цяпер ён ўжо будзе мець пэўныя канстытуцыйна-ўладныя паўнамоцтвы. І адпаведна тут парадак фарміравання неабходна вельмі ўзважана і ўважліва прадумаць, - сказаў Пётр Міклашэвіч. - Таму сёння ішла шырокая дыскусія - ці пакінуць ранейшы парадак фарміравання Усебеларускага народнага сходу, таксама прапаноўваліся іншыя варыянты. Канчатковы варыянт яшчэ не вызначаны. Якраз розныя пункты гледжання будуць выказаны на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі з удзелам кіраўніка дзяржавы".

Старшыня КС дадаў: "З аднаго боку, гэты орган павінен быць з шырокім прадстаўніцтвам народа. Сама назва аб гэтым сведчыць - Усебеларускі народны сход. З іншага боку, павінен быць дасканалы адбор дэлегатаў УНС, паколькі ім давядзецца вырашаць канстытуцыйна значныя пытанні развіцця нашай краіны, развіцця грамадства і дзяржавы".

Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў член Канстытуцыйнай камісіі Святлана Любецкая, такая актыўная дыскусія адносна парадку фарміравання УНС абумоўлена мяркуемым яго высокім статусам. "Гэта вышэйшы прадстаўнічы орган. І гэта патрабуе ўважлівай прапрацоўкі такіх пытанняў, як кампетэнцыя УНС. Калі мы будзем гаварыць, што яго рашэнні будуць абавязковымі для ўсіх органаў, службовых асоб, зразумела, што гэтыя рашэнні павінны быць максімальна выверанымі, кампетэнтнымі, сапраўды павінны прагназаваць развіццё дзяржавы і ісці на карысць. Таму з улікам такога высокага статусу вельмі важна знайсці правільную формулу для таго, каб гэты орган максімальна эфектыўна выконваў свае функцыі", - сказала яна.

Паводле слоў дэпутата, у выніку разгляду розных меркаванняў неабходна выпрацаваць універсальную формулу. "Якое будзе прадстаўніцтва, якога ўзроўню. Сапраўды трэба гаварыць аб тым, каб усё насельніцтва было прадстаўлена, каб былі ахоплены як раёны з невялікай колькасцю насельніцтва, так і той жа горад Мінск. Больш за 2 млн чалавек тут пражывае. Прычым прадстаўлены самыя розныя слаі грамадства, самыя розныя сацыяльныя зрэзы, і гэта таксама трэба максімальна ўлічваць. Так, у Канстытуцыі ў Мінска асаблівы статус, і гэта таксама адно з пытанняў, па якім сёння вельмі актыўна вялася дыскусія, - растлумачыла Святлана Любецкая. - Гэтыя пытанні неабходна вывучаць з улікам меркаванняў самых розных прадстаўнікоў. Гэту работу мы прадоўжым, і будзе выбраны самы эфектыўны варыянт".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі