
15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Знешні націск на Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь з'яўляецца проціпраўным і беспрэцэдэнтным. Аб гэтым заявіў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў падчас сустрэчы кіраўнікоў дэпартамента па архівах Міністэрства юстыцыі Беларусі, Нацыянальнага архіва Беларусі з кіраўніком Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі (Расархіва) Андрэем Арцізавым.
Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер Беларусь і Расія фарміруюць новы ўзровень саюзнай інтэграцыі, у аснову якога ў тым ліку пакладзены саюзныя праграмы, іх 28. "Гэтыя праграмы - фундамент эканамічнай інтэграцыі", - сказаў Дзмітрый Мезенцаў.
"Праведзеная сустрэча кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расіі - размова вочы ў вочы - пацвердзіла безальтэрнатыўнасць той работы, якую ўзялі на сябе па даручэнні кіраўнікоў дзяржаў па фарміраванні новага ўзроўню саюзнай інтэграцыі - дзеля ўмацавання сумеснай канкурэнтаздольнасці, дзеля ўмацавання і прымнажэння эканамічнага патэнцыялу. І ў тым ліку дзеля пераадолення таго неабгрунтаванага проціпраўнага санкцыйнага націску, які беспрэцэдэнтны, і які сёння зведвае Расія, і які больш доўгі час зведвае на сабе Беларусь", - адзначыў дзяржсакратар.
У сустрэчы прынялі ўдзел дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк, дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Віктар Кураш, кіраўнік Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі Андрэй Артызаў.
На мерапрыемстве, якое адбылося ў Нацыянальным архіве, размова ішла аб рэалізацыі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне архіўнай і выдавецкай дзейнасці. Да пачатку сустрэчы адбыўся агляд удзельнікамі выстаўкі ўнікальных архіўных дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва.-0-