Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
26 чэрвеня 2020, 16:27

Макей заклікаў забяспечваць поўнае і добрасумленнае выкананне Статута ААН

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Захаванне прынцыпаў, замацаваных у Статуце ААН, мае выключнае значэнне для Беларусі. Толькі праз іх поўнае і добрасумленнае выкананне можна забяспечыць мірнае суіснаванне дзяржаў, нацый і народаў. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на мерапрыемстве з нагоды 75-годдзя Статута ААН, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр выказаў надзею, што з гэтага мерапрыемства пачнецца паступовае аднаўленне міжнароднай дзейнасці і кантактаў, якія былі прыпынены з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі.

Кіраўнік МЗС назваў Статут ААН своеасаблівай кнігай добрых парад, якая ўключае рэцэпты на ўсе выпадкі жыцця, "інструкцыі, якімі павінен кіравацца сучасны дыпламат, дзяржаўны дзеяч пры выбудоўванні знешняй палітыкі". "Хочацца, каб фундаментальныя прынцыпы, замацаваныя ў Статуце, былі не проста выкладзены на паперы (іх правільнасць ніхто не можа аспрэчыць), а мелі прыкладное значэнне і з'яўляліся краевугольным каменем міжнароднага супрацоўніцтва", - сказаў Уладзімір Макей.

Ён нагадаў, што Беларусь заплаціла вялікую цану за ўрокі, якія знайшлі адлюстраванне ў Статуце ААН. "Таму захаванне гэтых прынцыпаў мае для нас выключнае значэнне. Толькі праз іх поўнае і добрасумленнае выкананне мы зможам забяспечыць мірнае суіснаванне дзяржаў, нацый і народаў, дасягненне эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу і ўстойлівага развіцця", - падкрэсліў ён.

Уладзімір Макей са шкадаваннем канстатаваў: сучасны свет пакуль не стаў такім, якім яго ўяўлялі сабе ўдзельнікі канферэнцыі ААН у Сан-Францыска. "Часам нават узнікае ўражанне, што ўрокі Другой сусветнай вайны забыты, а яе вынікі падвергліся рэвізіі, гэтак жа як забыты прычыны і мэты стварэння ААН, асноўныя палажэнні Статута арганізацыі. Магчыма, цяпер найбольш падыходзячы момант, каб задумацца аб важных рэчах, якія такія простыя: мір, бяспека, давер, супрацоўніцтва. На іх грунтуецца Статут ААН, і мы абавязаны апраўдаць надзеі і імкненні яго стваральнікаў. Толькі калектыўная воля, салідарнасць і падтрымка адзін аднаго дадуць магчымасць пабудаваць справядлівы, бяспечны і ўстойлівы свет і дасягнуць усеагульнага дабрабыту", - звярнуў ён увагу.

Як адзначыла пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаанна Казана-Вішнявецкі, мерапрыемства праходзіць у знакавым месцы - Лошыцкай сядзібе, дзе ў 1946-1947 гадах размяшчалася фактычна першае прадстаўніцтва ААН у Беларусі - гуманітарная місія ЮНРРА (Адміністрацыя дапамогі і аднаўлення Аб'яднаных Нацый). Яе мэтай была дапамога Беларусі як адной з найбольш пацярпелых у выніку вайны дзяржаў.

"У год 75-годдзя ўтварэння ААН свет перажывае сур'ёзныя прыродныя, палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя ўзрушэнні, гэтыя ўніверсальныя рэкамендацыі (Статут ААН. - Заўвага БЕЛТА) застаюцца нашым компасам. Толькі праз шматбаковы падыход і супрацоўніцтва мы зможам пераадолець выклікі, з якімі сутыкнуўся свет", - падкрэсліла Іаанна Казана-Вішнявецкі.

"Мы сёння гаворым аб значэнні Статута ААН, аб маштабе дзейнасці арганізацыі, разумеючы, што, якімі значнымі ні былі б супярэчнасці многіх дзяржаў, рэгіянальных аб'яднанняў, гэта важнейшы інструмент падтрымкі дыялогу, адыходу ад супярэчнасцей, падтрымання глабальнага міру", - падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў краін - пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН (Вялікабрытаніі, Кітая, Расіі, ЗША і Францыі). Сённяшняя ўрачыстасць стала чарговай з цыкла сумесных мерапрыемстваў МЗС і прадстаўніцтва ААН у Беларусі, прысвечаных святкаванню ў 2020 годзе юбілею арганізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі