Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 красавіка 2019, 18:53

Макей у бліжэйшы час наведае Расію з рабочым візітам

5 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у бліжэйшы час наведае Расію з рабочым візітам. Аб гэтым кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства паведаміў журналістам, каменціруючы вынікі праведзеных 5 красавіка ў Маскве на палях пасяджэння Савета міністраў замежных спраў СНД перагавораў з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Макей адзначыў, што ён традыцыйна сустракаецца са сваім расійскім калегам у час розных міжнародных мерапрыемстваў. "Як і заўсёды, сёння мы абмяркоўвалі наш двухбаковы парадак дня, пытанні нашага ўзаемадзеяння ў рамках розных міжнародных арганізацый, абмяняліся думкамі па сітуацыі ў рэгіёне і яшчэ раз прайшліся па ўсім спектры пытанняў, якія прысутнічаюць у нашым двухбаковым парадку дня, - сказаў ён. - Мы абмяркоўвалі і нашы будучыя кантакты. Плануецца рабочы візіт міністра замежных спраў Беларусі у Расію ў бліжэйшы час".

Кіраўнік МЗС Беларусі таксама паведаміў, што на канец бягучага года запланавана правядзенне сумеснай калегіі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін, на якой бакі павінны прыняць новую праграму сумесных дзеянняў у галіне знешняй палітыкі і чарговы план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў.

"Мы прайшліся таксама і па тых пытаннях, якія сёння хвалююць нашых грамадзян, па пытаннях, якія патрабуюць вырашэння, па пытаннях, звязаных з далейшым развіццём інтэграцыі, - дадаў міністр. - У цэлым, як заўсёды, размова была абсалютна шчырай, адкрытай і, самае галоўнае, канструктыўнай і станоўчай. Абодва бакі нацэлены на прадаўжэнне цеснага ўзаемадзеяння і па двухбаковых пытаннях, і па міжнародным парадку дня".

Гаворачы аб праграме дзеянняў па актывізацыі партнёрства паміж знешнепалітычнымі ведамствамі краін СНД, якая абмяркоўвалася ў Маскве на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў Садружнасці, Уладзімір Макей назваў яе пазітыўнай. "Мы гатовы абмяркоўваць з нашымі калегамі ўсе пытанні, пачынаючы ад гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і да ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы, - падкрэсліў ён. - Лічу, што гэта таксама прывядзе да ўмацавання СНД".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі