Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 верасня 2020, 09:00

Макей у ААН: нашы краіны забылі, што такое дыялог, а калі і памятаюць, то развучыліся ім карыстацца

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны забылі, што такое дыялог, а калі і памятаюць, то развучыліся ім карыстацца. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у час выступлення на агульнай дыскусіі 75-й сесіі Генасамблеі ААН, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэты юбілейны для Аб'яднаных Нацый год і ў 75-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны Беларусь на правах краіны - заснавальніцы ААН заклікае праявіць асаблівую адказнасць дзяржаў-членаў, перш за ўсё членаў Савета Бяспекі, за функцыянаванне арганізацыі і рэалізацыю яе задач", - сказаў Уладзімір Макей.

Міністр успомніў аднаго з выдатных дзеячаў ААН - яе генеральнага сакратара лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Дага Хамаршольда, 115-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася ў бягучым годзе. Яго лічаць адным з натхняльнікаў і нястомным паслядоўнікам канцэпцыі прэвентыўнай дыпламатыі. Уладзімір Макей адзначыў, што Даг Хамаршольд, які загінуў пры выкананні місіі ўрэгулявання крызісу ў адной з гарачых кропак, верыў, што толькі ўзаемапаважлівы дыялог і сумленныя перагаворы паміж удзельнікамі магчымага канфлікту на яго ранніх стадыях могуць прадухіліць пажар вайны.

"Гэта тое, чаго не хапае свету цяпер. Мы забылі, што такое дыялог, а калі і памятаем, то развучыліся ім карыстацца, - заявіў кіраўнік беларускага МЗС. - Павінен заўважыць, што ўжо на працягу некалькіх гадоў Беларусь актыўна заклікае аднавіць шырокі дыялог па міжнароднай бяспецы, накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі. Дыялог, які дапамог бы вярнуцца на рэйкі пабудовы справядлівага і эфектыўнага глабальнага парадку на прынцыпах шматбаковасці".

Зыходзячы з гэтага, Беларусь на пляцоўцы ААН вылучае і падтрымлівае прагматычныя ініцыятывы, накіраваныя на максімальную рэалізацыю патэнцыялу арганізацыі ў сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, дадаў міністр. У бягучым годзе Беларусь у шырокім суаўтарстве з дзяржавамі-аднадумцамі зноў ініцыюе рэзалюцыю аб забароне новых відаў зброі масавага знішчэння. Уладзімір Макей запрасіў усе дзяржавы да суаўтарства рэзалюцыі і яе падтрымкі.

"Зноў звяртаючыся да гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны, хацеў бы падкрэсліць наша глыбокае перакананне як адной з краін, якія панеслі ў ёй найбольшыя страты: захаванне памяці аб тым трагічным уроку, які нам зрабіла самая страшная катастрофа 20-га стагоддзя, павінна заставацца ключавым кампанентам калектыўнага імунітэту да ўзнікнення новых глабальных і рэгіянальных процістаянняў", - сказаў беларускі дыпламат.

Міністр працытаваў Статут ААН, дзе напісана, што арганізацыя была створана менавіта для таго, каб "пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны". "Толькі супрацоўніцтва, заснаванае на прынцыпах Статута ААН, з'яўляецца адзінай альтэрнатывай "натуральнаму адбору" і "выжыванню мацнейшага", - перакананы ён. - Улічваючы сучасныя тэхналогіі і інфармацыйныя магчымасці, якія сёння даступны не толькі дзяржавам, але і недзяржаўным суб'ектам, мы павінны цалкам усведамляць тыя рызыкі, да якіх прыводзіць палітычнае, эканамічнае і ваеннае процістаянне, безадказнае саперніцтва, цкаванне непажаданых краін".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі