Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
01 кастрычніка 2019, 10:56

Макей расказаў пра падрабязнасці работы над праграмай паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі

1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей расказаў у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву РБК пра падрабязнасці работы над праграмай паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі. Тэкст інтэрв'ю размешчаны на сайце МЗС, паведамляе БЕЛТА.

Міністр адзначыў, што было шмат "нейкіх канспіралагічных выдумак" вакол гэтай праграмы. "Адразу хачу сказаць, што, на наш погляд, ніякай небяспекі сама па сабе праграма не нясе. Чаму? Па-першае, мы зыходзім дакладна з таго, што для нас самае галоўнае і непарушнае - гэта захаванне суверэнітэту нашых дзяржаў. У гэтым выпадку мы гаворым аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь", - падкрэсліў ён.

"Ведаеце, сёння нават калі б нехта хацеў пабудаваць федэрацыю або канфедэрацыю з іншай дзяржавай, я думаю, што наўрад ці гэта ўдасца, таму што грамадства ўжо зусім іншае ў параўнанні з тым грамадствам, якое было ў дзевяностыя гады, калі толькі-толькі распаўся Савецкі Саюз. Сёння ўжо некалькі пакаленняў вырасла ў незалежнай дзяржаве, і ніхто не гатовы пакласці на алтар лёсу гэту незалежнасць", - прадоўжыў Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, праграма грунтуецца строга на палажэннях Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы 1999 года. "Ніякага адыходу ад гэтага дагавора няма", - заявіў міністр.

Разам з тым першапачатковыя прапановы прадугледжвалі ўключэнне асобных палажэнняў, якія былі абсалютна непрымальнымі для беларускага боку. "Напрыклад, стварэнне нейкіх наднацыянальных структур, што не адпавядае, зноў-такі, палажэнням Саюзнага дагавора, - адзначыў ён. - Прэзідэнты, калі сустракаліся ў Санкт-Пецярбургу, абмеркаваўшы гэтыя пытанні, адназначна сказалі, што гэтыя прапановы не адпавядаюць палажэнням дагавора і няма сэнсу нават абмяркоўваць іх".

"Ведаеце, што самае галоўнае для нас у гэтай праграме? Зразумела, што там трэба распрацоўваць 31 дарожную карту ў розных сферах гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Але для нас самае галоўнае - гэта вырашэнне тых пытанняў, якія сёння знаходзяцца на паверхні. Мы можам гаварыць пра нейкія стратэгічныя мэты, але калі мы не вырашым сённяшнія праблемы, то гаварыць пра паглыбленую інтэграцыю не даводзіцца, - падкрэсліў міністр. - Якія гэта праблемы? Гэта падатковы манеўр, ліквідацыя перашкод у пастаўках сельскагаспадарчай, прамысловай прадукцыі, перагаворы аб урэгуляванні спрэчных момантаў, звязаных з цэнамі на газ і нафту".

Уладзімір Макей звярнуў увагу, што дасягнутыя дамоўленасці паміж бакамі не заўсёды выконваюцца: "Як гэта было, напрыклад, з падатковым манеўрам. Мы заключаем Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Абодва бакі - Беларусь і Расія - падпісваюць адпаведны пратакол, які з'яўляецца неад'емнай часткай або дадаткам да гэтага дагавора, у якім мы пастараліся ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні, звязаныя з будучымі цэнамі на газ і нафту для Беларусі. Праходзіць літаральна некалькі месяцаў, нашы расійскія сябры прымаюць рашэнне па падатковым манеўры, якое нівеліруе, зводзіць да нуля ўсе папярэднія дамоўленасці. Як разглядаць такі падыход? Напэўна гэта ўжо было загадзя вядома... Тады навошта падпісваць такія дакументы, якія праз некаторы час стануць нязначнымі?"

"Мы зацікаўлены ў тым, каб мы вырашылі ўсе гэтыя злабадзённыя пытанні, якія ляжаць сёння на паверхні. Я думаю, што калі яны не будуць вырашаны, то гаварыць пра падпісанне праграмы далейшых дзеянняў будзе цяжка. Таму што мы не зразумеем логікі нашых партнёраў", - дадаў міністр.

Гаворачы аб тэрмінах падпісання праграмы, Уладзімір Макей адказаў: "Прэзідэнты дамовіліся аб юбілейнай сустрэчы з нагоды 20-годдзя саюзнага дагавора і паставілі задачу ўрадам абедзвюх краін па падрыхтоўцы адпаведных дарожных карт, па ўрэгуляванні адпаведных праблемных пытанняў. Будзем спадзявацца, што гэта адбудзецца".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі