Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
10 чэрвеня 2022, 17:28

Макей: практычна кожны дзень для АДКБ з'яўляюцца новыя выклікі і пагрозы

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы павінна ўмець адэкватна адказваць на тыя выклікі і пагрозы, якія з'яўляюцца практычна кожны дзень. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках пасяджэння ў Ерэване Савета міністраў замежных спраў краін АДКБ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы лічым, што наша арганізацыя павінна ўмець адэкватна адказваць на тыя выклікі і пагрозы, якія, на жаль, з'яўляюцца практычна кожны дзень. Менавіта гэтаму пытанню мы ўдзялілі значную ўвагу ў ходзе пасяджэння ў вузкім і пашыраным складзе", - сказаў міністр.

Уладзімір Макей нагадаў, што ў гэтым годзе споўнілася 30 гадоў з дня падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 20 гадоў з часу стварэння Арганізацыі Дагавора аб калектыўна бяспецы. Паводле яго слоў, гэтыя даты накладаюць адбітак і на абмеркаванне ўсіх пытанняў аб дзейнасці арганізацыі.

"Сёння вы бачыце, якія пагрозы і выкліі для постсавецкай прасторы, у тым ліку і для членаў нашай арганізацыі, з'явіліся і з'яўляюцца ў свеце. Гэта і глабальныя выклікі, звязаныя з нейкімі глабальнымі рэчамі (змяненне клімату, пандэмія), і іншыя рэчы. І нейкія рэальныя абставіны ўяўляюць сабой пэўную пагрозу для нашай арганізацыі: сітуацыя ў Афганістане, умацаванне НАТА на заходніх граніцах нашай арганізацыі і гэтак далей", - адзначыў дыпламат.

"Таму, вядома ж, мы, адзначаючы гэтыя юбілейныя даты, зусім не збіраемся спачываць на лаўрах. Наадварот, мы абмяркоўвалі і ў рамках цяперашняга пасяджэння Савета міністраў замежных спраў АДКБ пытанні, звязаныя з умацаваннем нашай арганізацыі, з вызначэннем месца нашай арганізацыі ў новых умовах, у сістэме міжнародных адносін", - расказаў аб тэматыцы пасяджэння Уладзімір Макей.

Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў таксама абмяняліся думкамі аб развіцці міжнароднай абстаноўкі ў рэгіёне.

Уладзімір Макей праінфармаваў калег аб тым, якія меры прымае блок НАТА на заходніх граніцах Беларусі. "На жаль, мы бачым павелічэнне напружанасці, што накіравана ў тым ліку і супраць нашай арганізацыі. Расце колькасць ваеннаслужачых НАТА, размешчаных на нашай граніцы, расце колькасць вучэнняў, што праводзяцца кожны год", - звярнуў ён увагу.

Міністры дамовіліся аб цесным узаемадзеянні ў знешнепалітычнай сферы, па выніках пасяджэння быў падпісаны адпаведны план кансультацый на 2022-2024 гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі