Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 ліпеня 2021, 15:47

Макей: мы не прыхільнікі санкцыйнага падыходу, санкцыі - гэта анахранізм

6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не з'яўляецца прыхільнікам санкцыйнага падыходу, у краіне лічаць санкцыі анахранізмам. Аб гэтым сёння заявіў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, у адказ на санкцыі Захаду "можна шмат чаго вынайсці". "Але мы не прыхільнікі, аб гэтым сёння гаварылася на нарадзе (у Прэзідэнта Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) санкцыйнага падыходу. Мы лічым, што санкцыі - гэта анахранізм. І тыя, хто знаходзіцца сёння ў санкцыйнай эйфарыі, у першую чаргу на Захадзе, нашы збеглыя апаненты, яны глыбока памыляюцца, думаючы, што санкцыі прывядуць да нечага пазітыўнага. Ні да чаго пазітыўнага ў канчатковым выніку яны не прывядуць у першую чаргу для іх", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што іх мэта зразумелая - удушэнне эканомікі і ў канчатковым выніку нанясенне ўрону суверэнітэту і дзяржаўнасці Беларусі. "Такога не будзе. Мы ў Беларусі распрацавалі ў адказ на санкцыйны націск комплекс мерапрыемстваў у залежнасці ад развіцця сітуацыі. І мы будзем глядзець, вядома, на тое, як будзе развівацца абстаноўка. Яшчэ раз паўтаруся: мы катэгарычныя праціўнікі санкцыйнага падыходу, але без адказу мы не пакінем ніякі санкцыйны націск", - заявіў міністр.

Кіраўнік МЗС нагадаў, што ў адказ на сектаральныя санкцыі з боку краін Захаду ўжо зроблены шэраг крокаў. У іх ліку прыпыненне ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства", якая не прынесла нічога асаблівага для краіны, пачата рэалізацыя працэдуры прыпынення дзеяння пагаднення аб рэадмісіі з Еўрасаюзам. Раней быў адкліканы ў Мінск для кансультацый пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЕС. Кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі таксама было прапанавана выехаць у Брусель для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый.

"Пералік гэтых крокаў можа быць бясконцы. Падрыхтаваны канкрэтны комплекс мерапрыемстваў у залежнасці ад развіцця сітуацыі. Але мы катэгарычныя праціўнікі такога нагнятання напружанасці ў нашых адносінах. Мы зацікаўлены ў тым, каб адносіны паміж Беларуссю і заходнімі краінамі развіваліся ў канструктыўным рэчышчы. Тыя дзеянні, якія мы робім, - гэта адказ на жорсткія крокі, якія прымаюцца ў адносінах да Беларусі", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён упэўнены, што на гэтым этапе беларускі бок адэкватна адрэагаваў: "Гэта датычыцца мер палітыка-дыпламатычнага характару. Што датычыцца эканамічных мер у адказ, то ў нас створана адпаведная міжведамасная група. Па яе лініі таксама зроблены шэраг крокаў. Гэтыя крокі таксама будуць мець дастаткова адчувальны характар у адносінах да нашых заходніх партнёраў".

"Ні аб якім спакойным сузіранні абстаноўкі размова не ідзе. Мы вельмі адэкватна глядзім на сітуацыю, аналізуем. І вастрыня нашых крокаў заўсёды будзе сувымерная з вастрынёй тых крокаў, якія прымаюцца ў адносінах да Беларусі", - рэзюмаваў Уладзімір Макей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі