
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заўсёды выступала за дыялог, мірнае вырашэнне пытанняў і супраць нагнятання напружанасці. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы заўсёды выступалі за дыялог, мірнае вырашэнне пытанняў і супраць нагнятання напружанасці", - падкрэсліў міністр. Паводле яго слоў, цяпер галоўная праблема ў тым, што, на жаль, не хапае палітыкаў, якія адэкватна ацэньвалі б сітуацыю і маглі спыніць нагнятанне напружанасці, ваенную істэрыю. Чым хутчэй усе зразумеюць неабходнасць адыходу ад раздзялення на сваіх і чужых, тым хутчэй удасца выпрацаваць прапановы ў інтарэсах бяспекі і еўрапейскага рэгіёна, і свету ў цэлым.
Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь заўсёды праводзіла міралюбівую палітыку і неаднаразова заяўляла, што з яе тэрыторыі ніколі не будзе ісці пагроза для іншых дзяржаў. Разам з тым краіна гатова да адбіцця любой агрэсіі, адкуль яна ні ішла б. Таму і ў далейшым прадоўжыцца ўмацаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы, будзе развівацца супрацоўніцтва і ў рамках АДКБ.
"З улікам ірацыянальнай палітыкі з боку НАТА і шэрага заходніх партнёраў трэба трымаць порах сухім. Беларусь, як сярэдняя па памерах дзяржава, не зможа адна процістаяць магчымым агрэсіўным дзеянням з боку заходніх партнёраў, таму мы бачым неабходнасць у развіцці цеснага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ", - падкрэсліў міністр.-0-