Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
20 верасня 2019, 15:59

Лукашэнка адобрыў праекты пагадненняў па візах і рэадмісіі з ЕС

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па пагадненнях з Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне, якое сёння будзе апублікавана, аб падпісанні пагадненняў з Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні выдачы віз і па рэадмісіі. Гэта няпростае рашэнне, Прэзідэнт Беларусі прыняў яго, разумеючы высокую значнасць мабільнасці для грамадзян нашай краіны, і толькі пасля дасканалай ацэнкі ўсіх магчымых рызык і наступстваў", - сказаў Анатоль Глаз.

Ён падкрэсліў, што беларускі бок заўсёды выступаў за аблягчэнне міжчалавечых і дзелавых кантактаў і такое рашэнне кіраўніка дзяржавы яшчэ раз пацвярджае гэта.

"Гэтаму кроку папярэднічаў даволі складаны і працяглы па часе перагаворны працэс з Еўрапейскім саюзам, па выніках якога выпрацаваны ўзаемапрымальныя тэксты, што ў найбольш поўнай меры ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў, - адзначыў прэс-сакратар МЗС. - Цяпер мы чакаем сігналу ад нашых еўрапейскіх партнёраў аб завяршэнні неабходных працэдур з іх боку, пасля чаго вызначым канкрэтныя мадальнасці падпісання пагадненняў".

Анатоль Глаз дадаў, што гэтыя пагадненні будуць заключаны ў пакеце, іх уступленне ў сілу прадугледжваецца ў адзін дзень. Аднак перад гэтым дакументы павінны быць ратыфікаваны Нацыянальным сходам Беларусі і адобраны Еўрапейскім парламентам. "Пасля абмену паведамленнямі аб выкананні гэтых працэдур пагадненні пачнуць дзейнічаць, - растлумачыў ён. - Пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз прадугледжвае на ўзаемнай аснове аблягчэнне візавых працэдур для шырокай катэгорыі грамадзян і зніжэнне збору". Пры гэтым будзе забяспечана права грамадзян звяртацца за атрыманнем віз як у пасольствы еўрапейскіх краін, так і ў візавыя цэнтры.

У праекце пагаднення аб рэадмісіі замацавана прадастаўленне Беларусі двухгадовага пераходнага перыяду ў адносінах да рэадмісіі грамадзян трэціх краін. У праекце сумеснай дэкларацыі да пагаднення змешчана абавязацельства Еўрасаюза аб аказанні краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай галіне.

Прэс-сакратар МЗС таксама нагадаў, што ў інтарэсах развіцця турызму, эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва Прэзідэнт Беларусі на працягу апошніх гадоў прыняў сур'ёзныя рашэнні па спрашчэнні ўезду ў Беларусь грамадзян замежных дзяржаў, у тым ліку Еўрапейскага саюза. "Найлепшай ацэнкай рэзультатыўнасці такіх аднабаковых крокаў, якія сведчаць аб адкрытасці нашай краіны, стала павелічэнне колькасці турыстаў, якія ўязджаюць у Беларусь. Амаль паўмільёна замежных грамадзян скарысталіся рэжымам бязвізавага ўезду з моманту яго ўвядзення, пераважная іх колькасць - грамадзяне Еўрапейскага саюза", - заўважыў Анатоль Глаз.

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС прадугледжвае зніжэнне кошту "шэнгена" з 60 да 35 еўра і прыняцце рашэння аб выдачы візы ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін можа павялічыцца да 30 дзён). Бакі планавалі падпісаць дакумент восенню. Паведамлялася, што гэта можа адбыцца ў час запланаванага візіту ў Беларусь вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні.

У пачатку жніўня прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас абмяркоўваў гэта пытанне з ужо экс-кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын. "Думаю, з нашага боку да восені мы завершым усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры для ўзгаднення дакумента. Вельмі спадзяюся, што восенню пагадненне будзе падпісана. Прынамсі, беларускі бок будзе рабіць усё для таго, каб гэта падзея адбылася", - адзначыў прэм'ер-міністр.

10 верасня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыняў копіі даверчых грамат у новага прадстаўніка ЕС Дзірка Шубеля. У МЗС паведамілі, што з улікам даўняй уключанасці дыпламата ў праблематыку беларуска-еўрапейскіх адносін бакі сканцэнтраваліся на ключавых пытаннях сумеснага парадку дня, у тым ліку развіцці дагаворна-прававой базы, падрыхтоўкі да падпісання пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі